Усе дэлегат_кі

Павел Латушка

Намеснік Кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення, Пасол

Павел Латушка нарадзіўся 10 лютага 1973 года. Вучыўся ў сярэдняй школе №54 у горадзе Мінску. Паступіў на гістарычны факультэт у БДУ ў 1990 годзе і пазней, у 1991 годзе, перавёўся на юрыдычны факультэт, які скончыў з чырвоным дыпломам па спецыялізацыі міжнароднае права. Адвучыўся год на спецфакультэце для дзяржаўных службоўцаў МДЛУ — англійская мова. Заўсёды марыў быць дыпламатам, ім і стаў у 1995 годзе, пачаўшы кар'еру аташэ ў дагаворна-прававым упраўленні МЗС Беларусі.

У 1996 годзе быў прызначаны на пасаду віцэ-консула, а пазней консула Генеральнага консульства Беларусі ў Беластоку. Вельмі палюбіў Беласток, у тым ліку таму, што там пражывае самая вялікая беларуская этнічная меншасць у заходніх краінах. Там дзейнічаюць беларускія школы, ліцэі, газеты, радыё, арганізацыі, з вясны да восені праходзяць беларускія фестывалі. Гэта ўнікальнае багацце і спадчына беларускага народу і культуры. Варта з ёй знаёміцца.

У 2000 годзе быў прызначаны прэс-сакратаром МЗС Беларусі, начальнікам упраўлення інфармацыі. Гэтую працу не вельмі любіў. Колькі разоў падаваў заяву на звальненне, але міністры Латыпаў і Хвастоў адмаўлялі ў гэтым.

У канцы 2002 года атрымаў прапанову паехаць паслом Беларусі ў Польшчу, калі меў яшчэ 28 год. У 29 год быў прызначаны паслом: шэсць гадоў супярэчлівай, складанай, але адначасова цікавай працы. Пасля заканчэння працы паслом паўгады быў без працы, таму што двойчы адмовіў прапановам Макея стаць першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Не хацеў займацца ідэалогіяй. Бо мы ведаем, што такое ідэалогія ў нашай краіне.

Але ўсё ж такі праз паўгады беспрацоўя мне прапанавалі пасаду міністра культуры. І вось тут, як кажуць, душа раскрылася. Штосці ўдалося зрабіць: запусціць праграму «Замкі Беларусі», адкрыць Нясвіжскі палац і Мірскі замак пасля рэстаўрацыі, зладзіць рэканструкцыю усіх 28 дзяржаўных тэатраў, адкрыць Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва, заснаваць Нацыянальную тэатральную прэмію, Нацыянальную музычную прэмію, праект «Залатая калекцыя беларускай песні», ініцыяваць праграму развіцця манументальнага мастацтва. Пачаў адкрываць культурныя цэнтры Беларусі за мяжой. Дарэчы, першы культурны цэнтр Беларусі як дыпламатычную ўстанову адкрыў яшчэ працуючы паслом Беларусі ў Польшчы (у Беластоку). «Залатая калекцыя беларускай песні», дзяржаўная праграма «Культура Беларусі», двойчы па пяць гадоў, якая значна павялічыла фінансаванне культуры ў рэгіёнах і г.д.

Пасля гэтага быў прызначаны паслом Беларусі ў Францыі, па сумяшчальніцтве ў Іспаніі, Партугаліі, Манака, пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ЮНЕСКА і пастаянным прадстаўніком Беларусі пры Сусветнай турысцкай арганізацыі. Пасля вяртання з Францыі — генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, самага любімага яшчэ з юнацтва. Быў выбар: узначаліць Вялікі тэатр Беларусі, але Купалаўскі– гэта больш, чым тэатр!

Выбары. Фальсіфікацыі. Гвалт. Быў накіраваны стачкамам Купалаўскага тэатра ў Каардынацыйную Раду, дзе быў абраны ў Прэзідыум Каардынацыйнай Рады, набраўшы найбольшую колькасць галасоў. Прымаў ўдзел ва ўсіх акцыях у першыя тыдні ў Беларусі (маршах), пасля спробы затрымання быў вымушаны з'ехаць у Польшчу.

Заўсёды лічу, што «Час дзейнічаць»,. Дзякуй усім, хто тут аб’яднаўся для нашай галоўнай справы — незалежнай, дэмакратычнай, вольнай і еўрапейскай Беларусі.