Зварот Працоўнай Групы КР па Адукацыі да Ўдзельнікаў Міністэрскай Канферэнцыі ЕПВА ў Рыме

Апублікавана:
02.11.2020, 23:09

Пасля мінулых у Беларусі прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня сотні выкладчыкаў і студэнтаў беларускіх універсітэтаў падпадаюць гвалту, арыштам, штрафам і розным формам запалохвання за ўдзел у мірных пратэстах. У апошнія тыдні кастрычніка адміністрацыя ўніверсітэтаў атрымала непасрэдны загад Аляксандра Лукашэнкі бязлітасна вычысціць вну ад усіх удзельнікаў пратэстаў. Пачаліся масавыя выключэнні студэнтаў і звальненні выкладчыкаў. Студэнтам мужчынскага полу адначасна з загадам пра выключэнне ўручаюць позву пра прызыў у войска і блакуюць выезд за мяжу.

Тэрор у акадэміі набывае беспрэцэдэнтны характар.

Каардынацыйная Рада звяртаецца да Ўдзельнікаў Міністэрскай Канферэнцыі ЕПВА ў Рыме з заклікам разгледзець і даць ацэнку грубым парушэнням правоў студэнтаў і выкладчыкаў беларускіх універсітэтаў з боку ўлад, Міністэрства адукацыі, адміністрацый вну.

Мы заклікаем запатрабаваць ад беларускага боку спыніць гвалт у дачыненні студэнтаў і выкладчыкаў, пераслед іх па палітычных матывах, неадкладна аднавіць усіх адлічаных студэнтаў і звольненых выкладчыкаў. Мы таксама заклікаем стварыць працоўную групу па маніторынгу сітуацыі ў беларускай вышэйшай адукацыі і разгледзець на паседжаннях BFUG напачатку 2021 г. даклад гэтай групы. У выпадку адсутнасці паляпшэнняў сітуацыі – паставіць пытанне пра прыпыненне сяброўства Беларусі ў ЕПВА.

Адначасова мы заклікаем еўрапейскія ўніверсітэты выказаць салідарнасць з ахвярамі акадэмічных рэпрэсій у Беларусі. Мы заклікаем унесці карэктывы ў характар акадэмічнага супрацоўніцтва з беларускімі партнёрамі з мэтай абараніць фундаментальныя акадэмічныя каштоўнасці і правы беларускіх калегаў.