Заява Працоўнай групы КР па бізнесe
Мы заклікаем спыніць рэпрэсіі ў дачыненні прыватнага бізнесу, інакш гэта прывядзе да поўнага краху беларускай эканомікі.
26 кастрычніка прадпрымальнікі, працаўнікі прыватных кампаній розных сектараў эканомікі выказалі сваю салідарнасць са страйкоўцамі і з усімі тымі, хто патрабуе спыніць гвалт і аднавіць дзеянне закона ў краіне.
На жаль, меры, якія за гэтым рушылі следам, з’яўляюцца ўжо традыцыйнымі для беларускай улады – шмат якія прадстаўнікі IT сектара былі затрыманы проста ў ПВТ, да шэрагу бізнесаў, што былі зачыненыя ў панядзелак, былі ўжыты санкцыі. У рэстаранаў і прыватных крам Мінска, якія 26 кастрычніка падтрымалі страйкоўцаў, пачаліся вялікія праблемы. Шмат якія ўстановы атрымалі загады пра зачыненне.
Улада скарыстоўвае адміністрацыйны, судовы і сілавы рэсурс для расправы над непажаданымі не ўпершыню. Адзін з самых апошніх прыкладаў таму – кампанія Pandadoc, супрацоўнікі якой былі затрыманыя, і адзін з іх дагэтуль знаходзіцца ў турме з-за пазіцыі заснавальніка кампаніі. Адзін з самых яркіх беларускіх бізнесменаў Аляксандр Васілевіч знаходзіцца ў турме з-за сваіх палітычных паглядаў.
Сёння беларускія бізнесмены знаходзяцца пад беспрэцэдэнтным ціскам выключна па палітычных перакананнях. Псіхалагічны, фізічны і эканамічны гвалт, які адбываецца сёння над беларускімі грамадзянамі, прыняў формы генацыду, закліканага знішчыць ці выжыць з краіны ўсіх непажаданых.
Мы перакананыя, што гэтыя дзеянні ўжо нанеслі непапраўную эканамічную і сацыяльную шкоду краіне. І яшчэ больш трагічным і непапраўным ён будзе, калі ўлада не спыніць гвалт і не прыслухаецца да адзіных патрабаванняў, якія высоўваюцца ёй рознымі пластамі грамадства.
Эканамічнае і сацыяльнае развіццё краіны немагчыма без людзей з прадпрыемніцкім мысленнем. Ужо сёння краіну пакінулі ці хуткім часам збіраюцца пакінуць тысячы кваліфікаваных прафесіяналаў з розных галін эканомікі. Яшчэ большая колькасць такіх людзей знаходзяцца ў стане няпэўнасці і чакання, што іх пачуюць і пойдуць на дыялог.
Мы не кажам пра такія важныя эканамічныя маркеры, як інвестыцыйная прывабнасць і клімат. Гаворка ідзе даслоўна пра выратаванне і захаванне таго, што засталося ад беларускага бізнесу пасля крызісу, выкліканага пандэміяй і рэпрэсіямі з боку ўлады.
Мы патрабуем:
1. Спыніць пераслед і ціск на беларускіх прадпрыемцаў за іх палітычныя перакананні.
2. Спыніць выкарыстанне адміністрацыйнага, судовага, сілавога апаратаў у якасці прылад ціску і шантажу на прадпрымальнікаў і іх бізнесы.
3. Перагледзець і спыніць дзеянне ўсіх вусных і кожных іншых дырэктыў, што датычаць правядзення праверак і іншых мерапрыемстваў, якія абмяжоўваюць ці цалкам паралізуюць працу прадпрымальнікаў за іх палітычныя перакананні.
4. Пайсці на адкрыты дыялог з прадстаўнікамі Каардынацыйнай Рады, спыніць гвалт, вызваліць палітвязняў і правесці датэрміновыя прэзідэнцкія выбары.