Заява працоўнай групы КР па адукацыі
З пачатку верасня ў Беларусі пачалася другая хваля эпідэміі COVID-19. У лістападзе мы назіраем няспынны рост колькасці новых выпадкаў, сёння гэтая лічба перавысіла 900 выпадкаў у суткі і змяншацца не будзе. Гэтая сітуацыя зноў закранае пытанні гатоўнасці сістэмы сярэдняй адукацыі да ўвядзення мераў сацыяльнага дыстанцыявання ў адукацыйных установах Беларусі, уключаючы поўны або частковы перавод адукацыйнага працэсу ў анлайн-рэжым.
Развіццё дыстанцыйнага навучання неабходна не толькі для пераходу да яго ўсёй сістэмы адукацыі падчас ўсеагульнага карантыну. Дыстанцыйнае навучанне становіцца неабходным для працягу адукацыі, калі вучні доўгі час з прычыны хваробы або вымушаных мераў сацыяльнай ізаляцыі не могуць наведваць заняткі. Гэткім жа чынам настаўнікі ў выпадку неабходнасці маглі б праводзіць заняткі дыстанцыйна.
Неабходнасць выкарыстання дыстанцыйных метадаў навучання з прычыны пандэміі COVID-19 выявіла наступныя праблемы ў нашай сістэме адукацыі:
1) абсалютная большасць школ тэхнічна не гатовая да дыстанцыйнага навучання: камп’ютары, серверы, сеткі не ў стане перадаваць такія значныя аб’ёмы трафіку;
2) не ўрэгуляванае пытанне аб аплаце за інтэрнэт: у школ такіх сродкаў няма, а прававых механізмаў ўрэгулявання гэтай праблемы дагэтуль не існуе;
3) не ўрэгуляванае пытанне аб аплаце настаўнікам за дыстанцыйныя ўрокі, калі яны праводзяцца асобна ад вочных урокаў;
4) не ўрэгуляваная праблема арганізацыі навучальнага працэсу ў школах, у якіх значная колькасць настаўнікаў хварэе або знаходзіцца на самаізаляцыі;
5) не ўрэгуляваная праблема арганізацыі навучальнага працэсу ў класах, у якіх значная колькасць школьнікаў хварэе або знаходзіцца на самаізаляцыі;
6) не ўрэгуляваная праблема ацэньвання вучняў пры дыстанцыйным навучанні. Кодэкс аб адукацыі РБ не прадугледжвае магчымасці дыстанцыйнай адукацыі пры атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі, што прывяло да рэзкага павелічэння колькасці нашых школьнікаў і студэнтаў, якія дыстанцыйна навучаюцца ў іншых краінах, у першую чаргу ў Польшчы і Расіі;
7) дыстанцыйнае навучанне патрабуе ад настаўнікаў спецыяльнай метадычнай і тэхнічнай падрыхтоўкі, але ніякіх спецыяльных курсаў падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі для настаўнікаў не праводзілася;
8) у адрозненне ад усіх суседніх краінаў, дзе нацыянальныя тэлеканалы распрацавалі і транслявалі відэа-ўрокі, нашыя СМІ не бралі ніякага ўдзелу ў арганізацыі дыстанцыйнага навучання школьнікаў;
9) у адрозненне ад усіх суседніх краін, нашыя педагагічныя ўстановы адукацыі: ВНУ, інстытуты развіцця адукацыі, Нацыянальны інстытут адукацыі, Акадэмія паслядыпломнага навучання – не падрыхтавалі ніякіх метадычных і практычных матэрыялаў для арганізацыі дыстанцыйнага навучання;
10) айчынная дыстанцыйная адукацыйная платформа ўвесну не здолела справіцца з патокам зваротаў карыстальнікаў, калі да яе сталі масава падлучацца настаўнікі. Пры гэтым карыстацца іншымі адукацыйнымі платформамі афіцыйна забаронена;
11) дзяржава ўжо выдаткавала і працягвае выдаткоўваць значныя сродкі на тэхнічнае забеспячэнне школ і стварэнне адукацыйнага кантэнту, але пандэмія паказала, што ўсе гэтыя сродкі патрачаны вельмі неэфектыўна, а большая частка камп’ютэрных праграм, усталяваных ва ўстановах сістэмы адукацыі, не мае афіцыйнай ліцэнзіі.
У адрозненне ад Міністэрства аховы здароўя, якое ўключылася ў распрацоўку мераў па супрацьдзеянні пандэміі яшчэ ў студзені 2020, Міністэрства адукацыі ўжо 10 месяцаў ігнаруе існаванне праблемы, якая, па сутнасці, паралізавала сістэму сярэдняй адукацыі.
У гэтай сітуацыі неабходна:
1) тэрмінова заканадаўча дазволіць атрыманне сярэдняй адукацыі ў дыстанцыйнай форме ў нашай краіне;
2) дазволіць выкарыстоўваць розныя навучальныя платформы пры арганізацыі дыстанцыйнай адукацыі;
3) абавязаць Міністэрства адукацыі сумесна з іншымі дзяржаўнымі органамі і ПВТ неадкладна заняцца пошукам рэальных рашэнняў усіх астатніх названых праблем і ўзяцца за рэалізацыю гэтых рашэнняў.