Заўтра суд над журналісткай Кацярынай Барысевіч і ўрачом Арцёмам Сарокіным па справе «‎0 праміле»

Апублікавана:
18.02.2021, 17:30

Сёння «суд» вынес прысуд Дар’е Чульцовой і Кацярыне Андрэевай за іх журналісцкую працу. Такі здзек над правасуддзем і журналістыкай асуджаюць СМІ розных краін, Міжнародная федэрацыя журналістаў, Еўрапейскі трансляцыйны саюз, праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch, прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда і ўвесь цывілізаваны свет.  

Заўтра, 19-га лютага ў 10.00 у Доме правасуддзя пачнецца суд над яшчэ адной журналісткай — Кацярынай Барысевіч і ўрачом-анестэзіёлагам БХМД Арцёмам Сарокіным. Іх абвінавачваюць у «выдаванні медыцынскай таямніцы» у артыкуле, дзе паведамлялася пра адсутнасць алкаголю ў крыві Рамана Бандарэнкі.

– Арцём Сарокін і Кацярына Барысевіч сказалі праўду. Гэта ведаюць практычна ўсе. І мы таксама можам і павінны казаць праўду, – заклікаў да салідарнасці беларусаў урач-інфекцыяніст і сябра КР Мікіта Салавей. – Праўду пра рэальнае становішча спраў у сістэме аховы здароўя. Праўду пра ўсё, што важна для нармальнага развіцця грамадства. Праўда дапаможа нам перамагчы і як мага хутчэй вызваліць сотні нашых самых лепшых незаконна затрыманых і асуджаных сапраўдных беларусаў.

Пасяджэнне будзе адкрытым — значыць, можна прыехаць і падтрымаць Кацярыну Барысевіч і Арцёма Сарокіна. Пры сабе трэба мець пашпарт і маску.

Заўтра, 19-га лютага, 10.00, Дом правасуддзя, вул. Сямашкі 33