Заўтра спрэчкі бакоў. Як праходзіць суд па «Справе студэнтаў»

Апублікавана:
08.07.2021, 20:55

Заўтра, 9 ліпеня ў 10:30, пачнуцца спрэчкі бакоў па «Справе студэнтаў», па якой судзяць і сябра КР, моладзевую актывістку Алану Гебрэмарыам.

Саму Алану дапытвалі 2-га ліпеня. На яе допыце не было слухачоў, бо іх папрасілі выйсці з залы суда за смех пасля паказанняў Таццяны Якельчык.

Адвакат Аланы падала на судзе школьныя падзякі, атэстат, падзяку маці за выхаванне дзіцяці, асабісты ліст ад рэктара БДМУ з запрашэннем на паступленне, сертыфікаты пра ўдзел у навуковых канферэнцыях, характарыстыку ад БДМУ пасля сканчэння вну. Алана актыўна брала ўдзел у жыцці ўніверсітэта, выступала з вуснымі дакладамі, мае тры навуковыя публікацыі, на рэспубліканскім конкурсе навуковых прац 2017 года ўвайшла ў 1-ую катэгорыю.

У сераду на пасяджэнні былі дыпламаты з ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Румыніі.

Пасяджэнні суда праходзяць у вялікай зале новага будынка Савецкага суда (Скарыны, 6Б).  Для наведання пры сабе трэба мець пашпарт і маску.