Заўтра абвесцяць прысуд Алане і іншым удзельнікам «Справы студэнтаў»
16 ліпеня ў 11:30 у судзе Савецкага раёна (вул. Скарыны, 6б) пачнецца абвяшчэнне прысуду ўдзельнікам «Справы студэнтаў». Па «справе» праходзяць 12 чалавек: 10 студэнтаў і студэнтак, моладзевая актывістка, сябра КР Алана Гебрэмарыам і выкладчыца Вольга Филатчанкова.
Яны былі затрыманыя 12 лістапада ў рамках крымінальнай справы па артыкуле пра арганізацыю ці ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.
Абвінавачанне запытала кару ў 2 гады калоніі для Глеба Фицнера, які прызнаў сваю віну, і 2,5 гады зняволення для ўсіх іншых.
Усе фігуранты «Справы студэнтаў» прызнаныя палітычнымі зняволенымі. Судовыя слуханні расцягнуліся больш чым на два месяцы. «Студэнцкая думка» сабрала спасылкі на гісторыі з залы суда ў адным месцы.
Вы можаце прыйсці на абвяшчэнне прысуду і падтрымаць рабят. Важна, каб яны разумелі, што ўсё нездарма і беларусы ўдзячныя ім за прынцыповасць і адвагу.