Затрыманая Ксенія Луцкіна, сябра Асноўнага складу КР і экс-журналістка БТ

Апублікавана:
24.12.2020, 15:35

У аўторак 22-га снежня затрымалі Ксенію Луцкину, сябра Асноўнага складу КР і экс-журналістку БТ. Ксенія звольнілася з Белтэлерадыёкампаніі пасля прэзідэнцкіх выбараў у знак нязгоды з пазіцыяй кіраўніцтва кампаніі.

У дзень затрымання дома ў Ксеніі прайшоў ператрус, цягам сутак не было вядома, дзе яна і які ў яе статус. На дадзены момант Ксенія знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна, сёння ёй перадалі перадачу. Адвакат падаў заяву пра прыняцце абароны і ордар.

22 снежня таксама былі затрыманыя пяцёра супрацоўнікаў Прэс-клуба, уключаючы яго заснавальніцу Юлію Слуцкую. Паводле слоў бацькі, з якім звязалася Ксенія, а таксама следчага ДФР Арцёма Дунько, яна затрымана на 72 гадзіны па справе Прэс-клуба.

Каардынацыйная Рада паўтарае: мы заўсёды дзейнічалі ў рамках закона, а допыты і затрыманні сяброў Рады – яшчэ адна спроба задушыць голас прадстаўнікоў беларускага народа.