Запускаем абноўлены чат-бот «Руху большасці»

Апублікавана:
25.07.2021, 19:50

Ужо амаль год беларусы вядуць мірнае змаганне, каб абараніць свае галасы на выбарах і вызваліць палітычных зняволеных. Пазітыўныя пачуцці, якія былі ва ўсіх нас падчас летніх і восеньскіх маршаў, паступова замяшчае трывога і стомленасць.

Каб падтрымаць дух беларусаў, паказаць, што нас па-ранейшаму большасць і мы ўсё таксама рухаемся наперад да агульнай мэты, Каардынацыйная рада абнавіла праект «Рух большасці». На наступным тыдні мы адтэстуем новы фармат маленькіх заданняў для вялікай перамогі ў форме квэста. Удзельнікам чат-бота «Рух большасці» будуць прапанаваныя два тэмпы актыўнасцяў – «спакойны вожык» (адно заданне ў тыдзень) і «актыўная вавёрка» (штодзённыя заданні). Змяніць тэмп можна будзе штотыдня, аднак мы рэкамендуем паспрабаваць на наступным тыдні сябе ў якасці «актыўнай вавёркі», каб вы змаглі ацаніць усе абнаўленні «РухБота».

Будзе і прыз за самы актыўны ўдзел – анлайн-сустрэча з беларускай баскетбалісткай Аленай Леўчанка.

Падлучайцеся да чат-бота ў Viber ці Telegram, выконвайце бяспечныя простыя заданні і падзяляйцеся зваротнай сувяззю. Працягнем наш агульны рух наперад – бо мы нікуды не дзеліся і наша пазіцыя ўсё тая ж!