Зачынілі ОК16. Уладам прасцей, каб культурныя пляцоўкі пуставалі

Апублікавана:
08.01.2021, 09:53

Культурны хаб ОК16, арт-дырэктарам якога да перадвыбарчай кампаніі была Марыя Калеснікава, зачынілі па палітычных прычынах, перакананая Анжаліка Крашэўская, сябра КР і дырэктарка Міжнароднага форума тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ» і Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн».  

Для нас скасаванне арэнды было поўнай нечаканасцю. Нам сказалі не пра прыпыненне дзейнасці на нейкі перыяд часу, а пра тое, што нас проста высяляюць. Думаю, што гісторыя з Белгазпрамбанкам, якому належала гэта прастора, паўплывала на зачыненне ОК16.  Пляцоўка доўга пуставала і было адчуванне, што яна можа проста пайсці ў нябыт. Мне здаецца, мы ўдыхнулі новае жыццё ў гэту пляцоўку, і 10-ы міжнародны форум «Теарт» прайшоў у ОК16.

Да пляцоўкі зноў павялічылася ўвага з боку дзяржавы, таму што раптам ОК16 ізноў пачынае працаваць і прыцягваць глядацкую цікавасць, запрашаць незалежных аўтараў і калектывы. У сітуацыі, калі цяпер кожнае спалучэнне не так размешчаных колераў выклікае ва ўлады пытанні, ты не ведаеш, якія наступствы могуць быць. Пэўна што, для іх прасцей, каб пляцоўка пуставала.

Хочацца верыць, што адраджэнне рана ці позна будзе. Пытанне толькі ў тым, ці будзем мы адраджаць ці будаваць зноў — цяпер мы можам пакінуць выпаленае поле. Адчуваецца, што ўсё, што мае альтэрнатыўны голас, альтэрнатыўнае выказванне, на жаль, цяпер не дазволена. Гэта кажа нам улада.

Культура заўсёды можа выжываць толькі ў свабодных умовах. Па прыродзе, аўтар — вольны чалавек. Калі творчасць заганяць у нейкія пэўныя рамкі, мне здаецца, пра мастацтва тут складана казаць. Можна ва ўгоду займацца скокамі, рабіць нейкія праекты, спектаклі, здымаць кіно, але яно не будзе мець дачынення да праўдзівых матывацый аўтара і да праўдзівага творчага праекта, таму што  гэта ўсё наменклатурныя рэчы.

Мне б, вядома, хацелася найхутчэйшага адраджэння, але вельмі складана казаць цяпер пра планы, таму што кожны дзень прыносіць новыя неспадзеўкі. Ёсць толькі надзея і жаданне верыць у тое, што ўсё памяняецца да лепшага.

Мне здаецца, што культура, якая прыняла самы непасрэдны ўдзел у зменах, будзе ўзнагароджана гледачамі, якія вернуцца. Хочацца верыць, што іх стане больш, чым было раней, таму што паўстане жаданне знаёміцца з дасягненнямі, якія нараджаліся ў такіх складаных умовах.

Фота: Таня Капітонава, часопіс «Большой»