Юрась Губарэвіч пра вобшукі ў НДА
Учора па ўсёй краіне прайшлі вобшукі ў офісах недзяржаўных арганізацый, а таксама затрыманні кіраўнікоў і сяброў розных НДА. З вобшукам прыйшлі ў Беларускую асацыяцыю журналістаў, «Імёны», Беларускі хельсінскі камітэт, Саюз беларускіх пісьменнікаў, Гендэрныя перспектывы, Офіс еўрапейскай экспертызы і камунікацыі, Novak і іншыя арганізацыі. Zerkalo.io распавядае пра больш за тры дзясяткі вобшукаў у кіраўнікоў і сяброў НДА, а таксама іх затрыманні. Затрыманы па крымінальнай справе і сябра КР, старшыня ПЦ «Вясна», Алесь Бяляцкі.
Сябра КР, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч «зачыстку грамадскіх аб’яднанняў» параўноўвае з ціскам на незалежныя СМІ на мінулым тыдні:
– Калі раней можна было казаць пра персанальныя рэпрэсіі, то зараз рэпрэсіі ідуць у дачыненні асобных сектараў. Толькі па прыкмеце прыналежнасці да пэўнага сектара можна патрапіць пад хвалю рэпрэсій. Не істотна пра што і ў якой танальнасці пісалі рэгіянальныя СМІ, яны ўсе прайшлі праз працэдуру вобшукаў і затрымання журналістаў на мінулым тыдні. Тое ж самае зараз. Не істотна якой пазіцыі прытрымліваецца арганізацыя, сам факт прыналежнасці да незалежнага грамадскага аб’яднання, якое мае ўласнае меркаванне і выказвае пазіцыю па важных грамадскіх падзеях – гэта ўжо падстава для рэпрэсій.
Тое, што адбываецца ў гэтыя дні – выкананне загаду Аляксандра Лукашэнкі, які агучыў, што разбярэцца з непажаданымі НДА, а таксама выкананне пагрозаў у бок еўрапейскай супольнасці з боку Уладзіміра Макея, які абяцаў фактычна здзекавацца над беларускімі грамадзянамі ў адказ на санкцыі.
Людзі, якія стваралі НДА, якія ў іх актыўна працавалі не нясуць адказнасць за рашэнні чыноўнікаў Еўрапейскага саюза. Але ўлады не здольныя нічога супрацьпаставіць пазіцыі дэмакратычных краінаў па Беларусі. Усе пагрозы ўвесці нейкія контрсанкцыі, якія нейкім чынам паўплывалі б на эканоміку еўрапейскіх краін, выглядаюць смешна, таму ўлады пачынаюць проста рэпрэсаваць грамадзян Беларусі.