Ёй цяжка такая несправядлівасць. Як там Алана Гебрэмарыям?
30 траўня выйшаў на волю першы палітзняволены, асуджаны па «Справе студэнтаў» Глеб Фіцнер. Астатнім адзінаццаці фігурантам справы, у тым ліку сяброўцы КР Алане Гебрэмарыям, засталося яшчэ 6 месяцаў жыцця за кратамі.
Як зараз адчувае сябе Алана, распавядаюць яе блізкія:
– У Аланы настрой так сабе. Ёй вельмі няпроста даецца праца, ізаляцыя і няпэўнасць. Як і ўсе, яна амаль не атрымлівае лістоў. Гэта таксама для Аланы дадатковы ціск, бо яна ведае, што людзі пішуць. Зразумела, яна адчувае, што сядзіць ні за што, таму ёй цяжка такая несправядлівасць.
Алана Гебрэмарыям – моладзевая актывістка, стаматолаг, сяброўка Каардынацыйнай рады. У лістах да яе вы можаце пісаць пра навіны ў медыцынскай сферы, моладзевыя тусоўкі, поспехі ў пераходзе на беларускую мову.
Адрас для ліставання: Гебрэмарыям Алана Тадэге, 246035, ПК №4, г. Гомель, вул. Антошкіна, 3.