Яна там робіць торт. Бацька Ксеніі Луцкінай расказаў, як яго дачка будзе адзначаць Дзень нараджэння у СІЗА

Апублікавана:
14.02.2021, 12:23

Сёння ў Ксеніі Луцкінай Дзень нараджэння. Не магла казаць праўду на БТ, хацела зрабіць свой канал з сумленнымі навінамі і гэтым напалохала людзей ва ўладзе. 22-га снежня Ксенію затрымалі разам з іншымі журналістамі па г. зв. крымінальнай справе «Прэс-клуба».

Учора я ўжо адвёз Ксюшы «падарунак». Яна прасіла гародніну і садавіну. Перадаў ёй 11 кілаграм, – расказвае бацька Ксеніі. – Ведаем, што яна плануе там рабіць торт. Мы і сябры пераводзілі ёй грошы, і яна ў мясцовай краме купіла каржы і згушчонку. Так што будзе з чым адзначыць.

Звычайна Ксенія святкуе свой Дзень нараджэння з сям’ёй і кожны год разам успамінаюць дзень, калі Ксюша з’явілася на свет. Яна нарадзілася ў Пярмі, а яе бацька ў той час вучыўся на пятым курсе вайсковага вучылішча і быў на практыцы ў Новасібірску.

Мне прынеслі тэлеграму, адкуль я даведаўся, што нарадзілася дачка.  Прыйшлі сябры-калегі, прынеслі шапку з грашыма, і сказалі: стаўся як хочаш, – успамінае бацька Ксеніі. – Мы на лыжах разам з аднакурснікам паехалі ў самаволку ў краму. 10 км па марозе ў 35 градусаў. Усё купілі, а калі вярталіся назад, сустрэлі верталёт. Паспелі дабегчы ў частку на пастраенне. На пастраенні камандзір дывізіі расказваў, што пакуль ляцеў, бачыў двух дзівакоў, якія бягуць па лесе. Але, нас, вядома, ніхто не здаў.

Сям’я піша Ксеніі кожны тыдзень. Ксюша шмат піша ў адказ і просіць пісаць ёй часцей – падтрымка там вельмі важная. Паводле слоў бацькі, Ксенія стала пачувацца лепей, чытае Познера з мясцовай бібліятэкі і шмат малюе.

Лісты ад Ксеніі заўсёды прыходзяць на трох асобных лістах: бацьку, брату і сыну Мацейку.

Пішу, што ў мяне ўсё добра. Расказваю пра навучанне, пра заняткі праграмаваннем, – расказаў сын-пяцікласнік Ксеніі Мацвей.

Бацька Ксеніі жадае ўсім сваякам палітвязняў цярплівасць і мужнасць і ўпэўнены, што ўсё было нездарма.

Падтрымаць Ксенію Луцкіну можна лістом ці паштоўкай на адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, СІЗА №1, да.86