Як увесь свет падтрымлівае Максіма Знака
На мінулым тыдні сябру прэзідыума КР адвакату Максіму Знаку высунулі канчатковыя абвінавачанні. Яму пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Максіму ставяць у віну змову дзеля захопу дзяржулады неканстытуцыйным шляхам, у стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы.
Максім Знак — прынцыповы адвакат, кандыдат юрыдычных навук. Ён верыць у вяршынства права і ў сваёй дзейнасці заўсёды кіруецца законам. У лютым Максіма Знака высунулі на міжнародную праваабарончую прэмію ў вобласці правоў чалавека імя Трар’е.
Прафесіяналізм Максіма Знака прызнаюць не толькі беларускія адвакаты, але і замежныя калегі.
Падрабязней пра падтрымку Максіма Знака (і гэта толькі частка афіцыйных заяў).
10 верасня
Адкрыты зварот у сувязі з арыштамі Максіма Знака і Іллі Салея падпісваюць 83 праваабарончыя арганізацыі і аб’яднанні юрыстаў.
11 верасня
Amnesty International прызнала Максіма Знака і Марыю Калеснікаву вязнямі сумлення.
15 верасня
Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў і прафесійныя асацыяцыі адвакатаў да салідарнасці і запатрабавала ад улады вызвалення Максіма Знака.
16 верасня
79 адвакатаў запісалі відэазварот, у якім выказалі салідарнасць з адвакатамі Максімам Знакам і Іллём Салеем.
24 верасня
Зварот прэзідэнта Савета адвакатур і адвакацкіх супольнасцяў Еўропы да Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі з арыштамі Максіма Знака і Іллі Салея.
28 верасня
Інстытут праў чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў (IBAHRI) патрабуе вызваліць Іллю Салея і Максіма Знака.
22 кастрычніка
Зварот Амерыканскай асацыяцыі юрыстаў да Аляксандра Лукашэнкі ў сувязі са зняволеннем адвакатаў Максіма Знака, Іллі Салея і Ліліі Уласавай.
16 лістапада
174 беларускія адвакаты падпісалі петыцыю за вызваленне Максіма Знака.
20 лістапада
100 адвакатаў з Расіі падпісваюць адкрыты зварот у абарону прафесійных правоў адвакатаў Беларусі. У звароце асобна гаворыцца пра арышт сябра КР Максіма Знака.
25 лістапада
Зварот прэзідэнта Савета адвакатур і адвакацкіх супольнасцяў Еўропы ў міністэрства юстыцыі Беларусі ў сувязі з утрыманнем пад вартай Максіма Знака.
27 снежня
Відэазварот нямецкіх юрыстаў у падтрымку затрыманых адвакатаў Беларусі і іх заклік да Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека пры АБСЕ прызначыць спецыяльнага дакладчыка для забеспячэння незалежнасці суддзяў і адвакатаў.
3 лютага
Святлана Ціханоўская разам са штабам Віктара Бабарыкі намінавала Максіма Знака на міжнародную прэмію імя Трар’е ў вобласці правоў чалавека. У красавіку яго кандыдатуру паўторна высунула Асацыяцыя юрыстаў Берліна.
9 сакавіка
Ў заяве Патрысіі Лі Рефо, прэзідэнта Амерыканскай асацыяцыі юрыстаў па пытанні аб незалежнасці адвакатуры ў Беларусі, гаворыцца пра тое, што міжнароднай грамадскасці вядома пра пераслед Максіма Знака ў сувязі з яго прафесійнай дзейнасцю.
14 красавіка
У выступе прадстаўніка Міжнароднага суда ААН у Савеце ААН па правах чалавека гаворыцца пра крымінальны пераслед Максіма Знака і Іллі Салея.
15 красавіка
Заява «Lawyers for Lawyers» з нагоды рэпрэсій супраць адвакатаў Максіма Знака, Іллі Салея, Аляксандра Пыльчанкі, Людмілы Казак і Сяргея Зікрацкага.