Важна, каб прыйшло шмат людзей. Наталля Дуліна пра суд па «Справе студэнтаў»
14 мая ў 10:30 у судзе Кастрычніцкага раёна (Сямашка, 33) пачнецца суд над студэнтамі і моладзевымі актывістамі, у тым ліку сябром асноўнага складу КР Аланай Гебрэмарыам.
– Гэта маладыя людзі, амаль дзеці, і грамадства не павінна абмінуць гэта, – перакананая сябра КР, экс-дацэнт МДЛУ Наталля Дуліна. – Важна, каб прыйшло шмат людзей: каб была поўная зала і ля сцен суда быў натоўп. Пэўна яны пазнаюць ад адвакатаў ці блізкіх, што шмат людзей прыйшло іх падтрымаць. Я думаю, што гэта вельмі важна.
Усяго па «Справе студэнтаў» будуць судзіць 12 чалавек: 10 студэнтаў і студэнтак, моладзевую актывістку Алану Гебрэмарыам і выкладчыцу Вольгу Филатченкову. Яны былі затрыманыя 12 лістапада ў рамках крымінальнай справы па артыкуле пра арганізацыю ці ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак. Усе фігуранты «Справы студэнтаў» прызнаны палітычнымі зняволенымі.
Пасяджэнне суда будзе адкрытым. Прыходзіце падтрымаць дзяцей і іх родных.