«У сітуацыі палітычнага крызісу гэта яшчэ адно непразрыстае дзеянне». Сябры КР пра закрыццё межаў

Апублікавана:
10.12.2020, 18:32

Сябра Каардынацыйнай Рады, дырэктар незалежнага аналітычнага цэнтра BISS Пётр Рудкоўскі пракаментаваў зачыненне меж у Беларусі:

«Яшчэ ўлетку гэтага года некаторыя эксперты слушна заўважалі, што немагчымасць выезду на заробкі ў Расію з-за пандэміі COVID-19 моцна паўплывала на пратэстныя настроі. Але гэта было яшчэ да фатальных падзеяў, калі ступень раззлаванасці была не такая высокая. І ў той сітуацыі шмат хто мог здымаць прэтэнзіі да рэжыму здаровасэнсавым разважаннем: “Ну, дык гэта ж не Лукашэнка, а Расія нас не пускае”.

А цяпер ужо і сітуацыя нашмат больш напружаная, і адрасат гневу сам паказвае на сябе. Да таго ж цяпер задзейнічанымі будуць ужо і не толькі на Расію арыентаваныя гастарбайтары (не самая пратэстная катэгорыя), а таксама на Захад арыентаваныя: гастарбайтары, чаўночнікі, бізнесоўцы, навукоўцы, студэнты, і без таго пратэстна настроеныя айцішнікі».

Закрыццё межаў у Беларусі – гэта яшчэ адно непразрыстае дзеянне тых, хто ўтрымлівае ўладу, лічыць Вольга Кавалькова.

«Ізноў мы бачым яшчэ адну пастанову ўрада, які парушае канстытуцыйнае права грамадзянаў. У сітуацыі палітычнага крызісу гэта яшчэ адно непразрыстае дзеянне» – адзначыла сябра Прэзідыума КР.

Нагадаем, Артыкул 30 Канстытуцыі РБ абвяшчае: «Грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права вольна перасоўвацца і абіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад».

Мы патрабуем ад Канстытуцыйнага суда паверкі адпаведнасці дадзенай пастановы Савета міністраў Канстытуцыі РБ.