У Беларусі працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да хрысціянскіх актывістаў
У Івацэвічах на 10 сутак асудзілі грэка-каталіцкага святара айца Віталя Быстрова. У Расонах ксяндза Вячаслава выклікалі ў крымінальны вышук «у якасці асобы, у дачыненні да якой вядзецца адміністрацыйны працэс». Раней яго ўжо выклікалі ў Следчы камітэт, дзе прымусілі даваць пісьмовыя тлумачэнні з нагоды ютуб-канала, які вядзе святар.
Хрысціянская і пастарская пазіцыя святароў і іх паствы часта выклікае непрыманне беларускіх уладаў, але яна ж прымушае яднацца вернікаў. Больш за пяць тысяч чалавек падпісаліся пад адкрытым лістом вернікаў розных хрысціянскіх канфесій Беларусі, у якім яны патрабуюць спыніць гвалт і аднавіць справядлівасць. Хрысціяне розных канфесій, якія пражываюць у Расіі і іншых краінах, у сваю чаргу, падтрымалі мірных беларускіх пратэстоўцаў і апублікавалі адкрыты ліст, які падпісалі 2000 чалавек з Расіі, ЗША, Італіі, Германіі, Бельгіі і іншых краін. Сярод тых, хто падпісаў — музыкі Юрый Шаўчук, Барыс Грабеншчыкоў.
Нягледзячы на ціск, беларускія хрысціяне разам з іншымі беларусамі працягваюць свой рух за аднаўленне міру і справядлівасці ў краіне і заклікаюць публічна выказвацца супраць беззаконня і гвалту.