Судзяць па 8 разоў і забіраюць у войска. Пра ціск на маладых актывістаў

Апублікавана:
15.01.2021, 20:00

На гэтым тыдні скончыўся двухмесяцовы тэрмін зняволення пад вартай маладых людзей і дзяўчын з «Задзіночання беларускіх студэнтаў» (ЗБС) , затрыманых у «чорны чацвер» 12-га лістапада. Усім пяцярым падоўжылі тэрмін на 1 ці 2 месяца па абвінавачанні ў арганізацыі масавых хваляванняў.

Сярод пяцярых — актывістка моладзевага блока і сябра КР Алана Гебрэмарыам. Адвакат Аланы расказвае, што ёй і яе сукамерніцам практычна не даходзяць лісты. Цяпер Алана знаходзіцца ў турме на Валадарскага і дзеліцца з адвакатам, што на Валадарцы лепш, чым у СІЗА КДБ, за выключэннем ежы.

Беспрэцэдэнтная гісторыя ў студэнта БДУІРа Яна Салановіча. Яго затрымалі 1-га лістапада і далі 12 сутак, а потым асудзілі яшчэ сем разоў па артыкуле 23.34.

Сваякі зняволеных кажуць, што найбольшае, чым можна цяпер падтрымаць дзяцей — гэта лісты. Важны сам факт, што пра цябе помняць і ўсе твае дзеянні былі нездарма.

Спіс зняволеных з іх гісторыямі і адрасамі турмаў вы знойдзеце на politzek.me.