Што адбывалася ў той дзень, адкрытае пытанне. Пра трагедыю ў мінскім метро
10 гадоў назад 11 красавіка беларусаў аб’яднала агульная трагедыя – выбух на станцыі метро Кастрычніцкая ў Мінску ў гадзіну пік. Гэта закранула кожнага, таму што кожны з нас мог бы быць там. Шмат хто не мог датэлефанавацца сваім блізкім, даведаўшыся пра выбух, і пракручвалі ў гэты момант самыя страшныя думкі ў сваёй галаве.
15 чалавек загінулых, больш за 400 пацярпелых і двое забітых пасля прысуду «смяротная кара». У красавіку 2011-га беларусы разам смуткавалі, падтрымлівалі адзін аднаго і хацелі ведаць праўду пра тое, што адбылося.
На жаль, і праз 10 гадоў, у нас няма ўсёй інфармацыі пра тое, што здарылася 11 красавіка 2011-га года ў мінскім метро.
Праз год пасля трагедыі ля ўвахода на станцыю метро «Кастрычніцкая» быў адкрыты памятны знак з імёнамі загінулых. Сёння ўвесь дзень людзі нясуць да яго кветкі. Беларусы памятаюць пра трагічныя падзеі і па-ранейшаму чакаюць праўды.