Рэзалюцыя Еўрапарламента – старт міжнароднага расследавання злачынстваў супраць беларусаў
Еўрапарламент прагаласаваў за рэзалюцыю па Беларусі ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў краіне, у прыватнасці забойства Рамана Бандарэнкі. Рэзалюцыя пакладзе пачатак міжнароднаму расследаванню злачынстваў, учыненых дзейнымі ўладамі супраць беларускага народа.
Еўрадэпутаты асудзілі забойства Рамана Бандарэнкі і выказалі спачуванні яго сям’і і ўсім сем’ям, што страцілі блізкіх у выніку рэпрэсій рэжыму Лукашэнкаў. Яны таксама заклікалі правесці старанныя і аб’ектыўныя расследаванні гібелі як Рамана Бандарэнкі, гэтак і Аляксандра Тарайкоўскага, Аляксандра Віхара, Арцёма Порукава, Генадзя Шутава, Канстанціна Шышмакова.
Еўрапарламент заявіў, што не прызнае вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і безумоўна падтрымлівае народ Беларусі ў «яго законных патрабаваннях пра неадкладнае спыненне аўтарытарных рэпрэсій, павагу асноўных свабод і правоў чалавека, дэмакратычнае прадстаўніцтва, правядзенне новых, вольных і справядлівых выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і пад назіраннем БДІПЧ АБСЕ».
Таксама парламентары лічаць патрэбным цалкам замарозіць пераводы сродкаў ЕС, улучаючы пазыкі ад Еўрапейскага інвестыцыйнага банка і Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, дзейнаму ўраду Беларусі і кантраляваным дзяржавай праектам.