Рада КОТГСаў. Як мінчукі ствараюць дыялогавыя пляцоўкі паміж гараджанамі і мясцовай уладай

Апублікавана:
02.12.2020, 11:01

Удзельнікі КОТГСаў з Малінаўкі і Паўднёвага Захаду лічаць, што трэба пачынаць працу са свайго пад’езда, але мець на ўвазе, што пры пісьмовым узаемадзеянні можна змяніць краіну. Па ініцыятыве актыўных гараджанаў ствараецца Рада ініцыятыў КОТГСаў. Мэта такога з’яднання – абмен досведам і развіццё самакіравання па ланцужку дом-двор-раён-горад-краіна.

Адразу некалькі актыўных мінскіх КОТГСаў атрымалася аб’яднаць з дапамогай праекта TelegramBiom. TelegramBiom – гэта шматлікія чат-групы Telegram, аб’яднаныя ў адзін цэнтр. Кожная чат-група – гэта платформа ўзаемадзеяння жыхароў аднаго шматпавярховага дома горада.

«Ідэя пра развіццё КОТГСа ў фармаце «са швейцарскай якасцю і сінгапурскім даверам» з’явілася яшчэ ў ліпені 2020-года», –  расказвае адзін са стваральнікаў праекта TelegramBiom і прадстаўнік КОТГС-70 Паўднёвага Захаду. – «Пазней, падчас развіцця гэтай ідэі да праекта сталі далучацца ініцыятыўныя людзі самых розных прафесій, але ў якіх была адна мэта – палепшыць свой раён».

Цяпер супольнымі ініцыятывамі Паўднёвага Захаду і Малінаўкі актыўныя сябры КОТГСаў плануюць арганізаваць сапраўдныя дыялогавыя пляцоўкі, на якіх маюць прысутнічаць з аднаго боку жыхары двароў, якіх гараджане лічаць рэальнай уладай, а з іншай – прызначаныя службоўцы, якія займаюць дзяржаўныя пасады.

«Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь з’яўляецца народ. Гэта Артыкул 3 Канстытуцыі РБ», – падкрэсліваюць ініцыятыўныя мінчукі.

Працягваем сачыць за дзейнасцю КОТГСаў у розных кутках Беларусі і нагадваем, што ўсе інструкцыі і падтрымку па фарміраванні камітэтаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання вы знойдзеце на сайце kotos.org.