Пяць галоўных тэзісаў з прэс-канферэнцыі КР
19-га лістапада прайшла прэс-канферэнцыя КР з рэгіянальнымі СМІ. Прадстаўнікі Каардынацыйнай Рады Максім Баграцоў, Вольга Кавалькова, Сяргей Дылеўскі і Алесь Аляхновіч расказалі пра тое, чым сёння займаецца КР.
– КР прадставіў ініцыятыву «Рух большасці», якая праз чат-бот прапануе беларусам выконваць эфектыўныя і простыя крокі. «Дзякуючы такому механізму, да рашэння праблемы ці праявы салідарнасці можа далучыцца ўся краіна», – адзначыла Вольга Кавалькова.
– Максім Баграцоў: “Каардынацыйная Рада імкнецца перайсці ў рэжым дыялогу, а не браць удзел у яго імітацыі. Мы выходзім на розных дзяржаўных службоўцаў і працуем у інфармацыйным полі, у тым ліку ў Расіі.”
– Сяргей Дылеўскі: “Зараз у Беларусі развіваюцца нізавыя ініцыятывы, суполкі у рамках ініцыятывы «Яднайся», якія пазней будуць яднацца ў працоўныя калектывы. Нізавыя суполкі не патрабуюць юрыдычнай рэгістрацыі і з’яўляюцца выключна нізавымі. Эканамічны крызіс і рэпрэсіі прывядуць да таго, што працоўныя, якія баяліся таго, што ім няма чым карміць сем’і, будуць страйкаваць”.
– Алесь Аляхновіч: 2 кастрычніка 2020 г. на Саміце Еўрапейскай Рады ўсе 27 краін ЕС аднагалосна прагаласавалі за стварэнне паўнавартаснага эканамічнага плана падтрымкі дэмакратычнай Беларусі пасля выйсця з палітычнага крызісу. У абмеркаванні гэтага плана бяруць удзел прадстаўнікі эканамічнай групы КР, якія раней падпісалі адкрыты ліст эканамістаў.
– Максім Баграцоў: “Цяпер праходзіць Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва і на ёй мы шмат абмяркоўваем бізнес ва ўмовах палітычнага крызісу. З Кастрычніцкай – месцы, дзе павінны быць студэнты, стартапы і кафэ – з’язджаюць стартапы, разганяюцца студэнты, зачыняюцца кафэ. Мы працуем з гэтай праблемай з Беларусі, наколькі гэта магчыма”.
Нягледзячы на прававы дэфолт у Беларусі, мы працягваем дзенічаць выключна законнымі метадамі. Усталюйце чат-бот Руху Большасці па спасылцы ніжэй ужо сёння, неўзабаве вас чакае першае заданне!