Прысяга беларускаму народу

Апублікавана:
12.12.2020, 08:48

Сёння вайскоўцы новага прызыву прымаюць прысягу беларускаму народу.

Мы ўпэўнены, што, прысягаючы беларускаму народу, вайскоўцы новага прызыву не будуць парушаць законы дзеля інтарэсаў асобнага чалавека.

Прысяга вайскоўцаў – не абяцанне адданасці асабіста Аляксандру Лукашэнку і тым, хто парушае выбарчыя, грамадзянскія і палітычныя правы мірных беларусаў.

Прысяга абмяжоўвае, але не адмяняе базавых грамадзянскіх правоў вайскоўцаў тэрміновай службы: на годнасць, на атрыманне інфармацыі, на час адпачынку, на справядлівую аплату працы.  

Каардынацыйная Рада лічыць, што вайскоўцы павінны мець справядлівыя і годныя ўмовы праходжання службы:

– Зарплата вайскоўцаў тэрміновай службы павінна быць не менш за тую, якая выплачваецца курсантам ВНУ сілавых структур (г. зн. не меней за 300 рублёў у месяц);

– Кожны вайсковец павінен атрымаць 48 гадзін бесперапыннага штотыднёвага адпачынку, якія ён можа правесці за межамі ваеннай часткі з апавяшчэння (а не дазволу) непасэднага начальніка. Апроч таго, у дні знаходжання на службе, кожны салдат павінен атрымаць дзве гадзіны вольнага часу перад адбоем на тэрыторыі ваеннай часткі. Час адпачынку можа быць абмежаваны ў выпадку імпрэз па баявой падрыхтоўцы або нясення дзяжурства, знаходжання ў нарадзе, на пасту;

– У вольны час вайсковец павінен мець права без абмежавання карыстацца мабільнай сувяззю і інтэрнэтам.

– Кожны вайсковец павінен атрымаць права захоўваць асабісты аўтамабіль на тэрыторыі часткі і карыстацца ім падчас штотыднёвага адпачынку.

– Патрэбна заснаваць парламенцкую пасаду амбудсмена па правах вайскоўцаў (або пасаду спецыяльнага намесніка амбудсмена) для забеспячэння правоў і абароны інтарэсаў вайскоўцаў. Камандаванне ваенных частак і злучэнняў павінна гарантаваць права вайскоўца як тэрміновай, гэтак і кантрактнай службы на зварот да амбудсмена па першаму іх патрабаванню;

– Падчас службы павінны быць выключаны любыя віды ідэалагічнай, палітычнай і рэлігійнай прапаганды;

– Неабходна гарантаваць права вайскоўцаў на выказ сваёй грамадска-палітычнай пазіцыі ў неслужбовы час. У тым ліку і з дапамогай удзелу ў масавых імпрэзах без якіх-небудзь негатыўных наступстваў для іх па службе.

Вайсковец – гэта грамадзянін, які выконвае важныя функцыі па ўзброенай абароне Беларусі. І яго базавыя правы і свабоды павінны гарантавацца і абараняцца нароўні з правамі і свабодамі ўсіх беларусаў.