Праваабарончы адказ на рэпрэсіі
Дзесяць дзён назад па ўсёй краіне прайшлі ператрусы ў офісах няўрадавых арганізацый, а таксама затрыманні іх лідараў і сяброў. Алесь Бяляцкі, сябра КР, старшыня ПЦ «Вясна» і яшчэ двое «вясноўцаў» дагэтуль знаходзяцца ў зняволенні.
У пятніцу ціск на беларускія няўрадавыя арганізацыі развярнуўся з новай сілай – абвешчана пра ліквідацыю 48 НВА, у тым ліку Цэнтра прававой інфармацыі Lawtrend, праваабарончага цэнтра Human Constanta і Офіса па правах людзей з інваліднасцю.
Супрацоўнікі пазбытага рэгістрацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», нягледзячы на ціск на калегаў, працягваюць сваю працу:
– Мы рашуча пратэстуем супраць новай хвалі рэпрэсій супраць сяброў арганізацыі і грамадзянскай супольнасці Беларусі ў цэлым і заяўляем, што не спынім нашай праваабарончай дзейнасці, – заяўляюць у «Вясне».
Міжнародныя арганізацыі выявілі салідарнасць з беларускімі НВА:
Amnesty International заклікае міжнародную супольнасць адрэагаваць на ціск на няўрадавыя арганізацыі ў Беларусі зваротамі ў Генпракуратуру.
Абсерваторыя па абароне правоў чалавека асудзіла масавыя ператрусы і затрыманні праваабаронцаў і журналістаў.
Высокі прадстаўнік ЕС Жазэп Барэль выступіў з заявай у сувязі з атакай на незалежныя арганізацыі ў Беларусі.
Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека Мішэль Бачэлет заклікала ўрад спыніць палітыку запалохвання і пераследу грамадзянскай супольнасці і супрацоўнікаў СМІ.
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch асудзіла беспрэцэдэнтны ціск на праваабаронцаў з боку ўлад.
Нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco – Partnership for Human Rights заклікала міжнародную супольнасць да больш цвёрдай рэакцыі ў падтрымку беларускіх НВА.
Расійскія праваабаронцы выступілі з заявай у падтрымку беларускіх калегаў.
Арганізацыя Front Line Defenders заклікала ўлады Беларусі неадкладна выпусціць праваабаронцаў, зняць з іх абвінавачанні і спыніць пераслед.