Паўгады штодзённага руху да пераменаў
183 дні пратэстаў, 150-тысячныя маршы, абуджэнне нацыі і бясконцы крэатыў. 7-га лютага — яшчэ адзін дзень, калі міжнародная супольнасць у розных формах выказвае сваю салідарнасць з імкненнем беларусаў да пераменаў.
Са студзеня па май міжнародная праваабарончая арганізацыя «Міжнародная Амністыя» (Amnesty International) праводзіць кампанію салідарнасці з Беларуссю.
На працягу чатырох месяцаў праваабаронцы будуць распавядаць пра розныя групы насельніцтва Беларусі, якія прымалі і прымаюць удзел у мірных пратэстах і пацярпелі ад рэпрэсій.
Трыгерам да запуску кампаніі стала петыцыя за спыненне гвалту ў адносінах да мірных пратэстоўцаў. За лета і пачатак восені петыцыя сабрала 191 000 подпісаў з 144 краін свету.
«Амаль дзвесце тысяч подпісаў, якія мы сабралі, даюць сігнал беларускім уладам: спыніце гвалт, увесь свет назірае, людзям не ўсё роўна», — казала старэйшы кiраўнiк кампаній па Беларусі «Міжнароднай амністыі» Аіша Джанг.
«Міжнародная Амністыя» прапануе далучыцца да кампаніі салідарнасці з Беларуссю і размяшчаць у сац.сетках фатаграфіі і малюнкі з кветкамі з хэштэгам #standwithbelarus. Спасылка на кампанію — тут.