Палітычна матываванае рашэнне. Генпракуратура ініцыявала міжнародны вышук Паўла Латушкі
Сёння, 18-га студзеня, Генпракуратура накіравала пакет дакументаў у Нацыянальнае цэнтральнае бюро Інтэрпола ў Беларусі для таго, каб абвясціць у міжнародны вышук Паўла Латушку, былога міністра культуры, сябра прэзідыума КР.
Яго вінавацяць у здзяйсненні дзеянняў дзеля захопу ці ўтрымання дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, а таксама ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання.
– Гэта тое ж самае, што перавярнуць крымінальны кодэкс дагары нагамі і пачаць чытаць яго з апошняй старонкі. На жаль, закон даўно перастаў існаваць у нашай краіне, – пракаментаваў заяву пракуратуры Павел Латушка. — Выклікае шкадаванне, што ў Беларусі здзяйсняюцца рэальныя крымінальныя злачынствы, але супраць асоб, вінаватых у гэтым, крымінальныя справы не ўзбуджаюцца.
— Крымінальны пераслед грамадскіх дзеячаў у Беларусі з’яўляецца палітычна матываваным. Накіраванне матэрыялаў пра аб’яву ў міжнародны вышук – вылучна палітычнае, а не прававое рашэнне.