Палітолаг і сябра КР Андрэй Ягораў пра галасаванне за перамовы

Апублікавана:
20.03.2021, 09:00

За два дні за заклік Святланы Ціханоўскай пра дыялог паміж цяперашняй уладай і беларускім грамадствам прагаласавала больш за паўмільён беларусаў.

Зварот Святланы Ціханоўскай ізноў актуалізуе пытанне перамоў у палітычным парадку дня. Гэта дзеянне падкраслівае і нязменную пазіцыю Каардынацыйнай рады, што палітычны крызіс у Беларусі можа быць вырашаны толькі праз дыялог і выключна мірнымі сродкамі, — скаментаваў дырэктар Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі, сябра КР Андрэй Ягораў. – Дынаміка галасавання на платформе «Голас» паказвае, што ініцыятыва Святланы Ціханоўскай мае масавую падтрымку беларусаў. Гэты факт таксама пацвярджае, што нас па-ранейшаму шмат і мы па-ранейшаму выступаем за мірныя перамены.

На думку Андрэя Ягорава, беларускія ўлады, найхутчэй, праігнаруюць прапанову пра перамовы, але яно прымусіць задумацца многіх службоўцаў і сілавікоў.

Святлана Ціханоўская прапануе дыялог і прымірэнне, а ўлады, не прымаючы гэтай прапановы, прапануюць працяг канфлікту і вайну з тымі, хто выступае за перамены.

Пры гэтым Андрэй Ягораў кажа, што, нават заручыўшыся падтрымкай  міжнародных арганізацый, пытанне дыялогу паміж беларусамі будзе развязвацца толькі ўнутры Беларусі.

Сёння нам усім стаіць падумаць, што кожны з нас можа зрабіць, каб гэты дыялог адбыўся, – рэзюмуе Андрэй Ягораў.

Пацвердзіце сваё жаданне вырашыць канфлікт мірным шляхам праз платформу «Голас». Дапамажыце блізкім таксама выказаць сваю думку. Дзякуй!