Падумаў, што жарт. Мікалаю Казлову прысудзілі 15 сутак за адмову ад падпіскі пра невыдаванне
– Я вырашыў, што гэта жарт, калі на мяне сталі складаць пратакол за маё законнае права адмовіцца ад падпіскі пра невыдаванне. Я думаў, што ніводны суддзя не прыме да вытворчасці такога пратакола. Гэта абсурд, – каментуе сітуацыю лідар «З’яднанай грамадзянскай партыі» і сябра КР Мікалай Казлоў.
Калі пачнуцца суткі, Мікалаю не паведамілі – трэба ўвесь час быць гатовым да зняволення. Палітык перакананы, што ўсе гэтыя допыты праводзяцца «каб надраць цытат для справы супраць КР і тых, хто сядзіць».
Незразумелыя Мікалаю Казлову і матывы суддзі:
– Малады хлопец. Пэўна што, ён мог бы на кавалак хлеба зарабіць сваімі навыкамі, але пайшоў па іншым шляху. Ён павінен будзе аднойчы адказаць, чым ён кіраваўся на гэтым пасяджэнні. Упэўнены, у яго яшчэ шмат такіх.
— Яны спрабуюць запалохаць і зняважыць. Суд гэта яшчэ раз давёў. Сваім цынізмам і бязмежжам яны мне дадаткова далі матывацыю змагацца.