“Ноч расстраляных паэтаў”
29-30-га кастрычніка 1937 году – чорная дата ў гісторыі беларускай літаратуры і культуры. За адну ноч карнікі расстралялі ва ўнутранай турме НКУС (сёння – будынак СІЗА КДБ) больш за сто прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі і нацыянальных эліт. Сярод іх – 22 пісьменнікі, у тым ліку Анатоль Вольны, Платон Галавач, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Васіль Каваль, Майсей Кульбак, Юрка Лявонны, Валеры Маракоў, Юлі Таўбін, Міхась Чарот ды іншыя. Менавіта ў тыя дні сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі дасягнулі свайго піку.
Цяпер, у момант палітычнага крызісу ў Беларусі, мы ізноў сутыкаемся з гвалтам і рэпрэсіямі супраць грамадзян, у тым ліку выдатных прадстаўнікоў беларускай культуры. Свабода думкі і творчасці зноў знішчаецца судамі і іншымі дзяржаўнымі ўстановамі, а пераемнікі НКУС і цяпер катуюць беларусаў у турмах і на вуліцах. Мы павінны заўсёды памятаць пра страшную эпоху 30-ых, каб больш ніколі не дапусціць падобнага.
29-га кастрычніка а 20-ай гадзіне ў Курапатах адбудуцца ў чарговы, чацвёрты раз літаратурныя чытанні “Ноч расстраляных паэтаў”. І сёння адзін з арганізатараў гэтай падзеі, Зміцер Дашкевіч, знаходзіцца за кратамі, наўмысна арыштаваны напярэдадні яе правядзення.
Каардынацыйная Рада выказвае салідарнасць з усімі палітвязнямі і падтрымлівае ініцыятыву “Ноч расстраляных паэтаў”, дзякуе ўсім арганізатарам чытанняў, а таксама ўсім тым, хто будзе згадваць пра рэпрэсаваных у гэты дзень.
Як сказаў падчас суду Зміцер Дашкевіч, “Я ведаю, што ступлю на світанак, які ўжо бачны. Я адсяджу і сустрэну тое, за што змагаюся!”
Сустрэне і ўвесь беларускі народ – бо пасля ночы заўжды настае світанак!