Наталля Дуліна звярнулася да выкладчыкаў і бацькоў

Апублікавана:
25.06.2021, 08:55

На гэтым тыдні аднавіліся слуханні па «Справе студэнтаў», па якой судзяць і сябра КР, моладзевую актывістку Алану Гебрэмарыам. Пасяджэнні перавялі ў новы будынак Савецкага суда (Скарыны, 6Б). Там вялікая зала з кандыцыянерам і, у адрозненне ад папярэдніх пасяджэнняў, туды пускаюць усіх ахвотнікаў. Экс-дацэнт МДЛУ, сябра КР Наталля Дуліна расказвае пра свае ўражанні пасля ўчарашняга дня пасяджэння, пра патрабаванні студэнтаў і пра сваё бачанне, як выкладчыкі, бацькі і грамадства павінны рэагаваць на суды над маладымі людзьмі.

Некалькі цытат:

– Студэнты выяўлялі сваю пазіцыю мірна. Рабяты кіруюцца тымі ж самымі патрабаваннямі, якія высоўвае наша грамадства. Гэта тры патрабаванні – спыненне гвалту, вызваленне палітзняволеных і арганізацыя новых выбараў. Я лінгвіст, давайце зробім лінгвістычную экспертызу, якое з гэтых словаў з’яўляецца «экстрэмісцкім».

– У мяне ўзнікаюць чалавечыя пытанні. Чаму, улічваючы, што працэс суда такі працяглы [удзельнікаў справы затрымалі 6,5 месяцаў назад], студэнтаў нельга было пакінуць пад хатнім арыштам ці пад падпіскай пра нявыезд?

– Тое, што адбылося са студэнтамі, павінна было выклікаць больш гучны водгук выкладчыкаў. Мне здаецца, што важна ствараць шум вакол усяго гэтага для таго, каб сказаць, што мы не можам з гэтым пагадзіцца. З пункту гледжання нармальнага чалавека, тое, што адбываецца, – гэта не нармальна. І трэба пра гэта казаць адкрыта.

–  У МДЛУ ў нас быў такі «фірмовы» лозунг: «Нас вучаць размаўляць, а не маўчаць». А другое – «Мы не згодны». Мне здаецца, што нам патрэбна ўсім помніць, што нам трэба казаць, а не маўчаць, і што мы не згодны. Не проста помніць, але і паказваць гэта.

–  Я б хацела сказаць выкладчыкам, бацькам і ўсяму грамадству, што гэта не проста рэзанансная справа. Гэта праверка на чалавечнасць, праверка на тое, наколькі мы ў стане трываць, наколькі мы гатовы зразумець, што, калі мы хочам, каб нешта змянілася, то мы павінны знайсці развязак у саміх сабе.

Відэа цалкам – на YouTube-канале КР.