Нашая схема — сумленныя выбары
Сябар Прэзідыума КР Вольга Кавалькова звярнулася да дзеючай улады.
«Карыстаючыся выпадкам, хачу падкрэсліць адну акалічнасць.
Апошнім часам большасць беларусаў турбуецца наконт далейшага развіцця нашай краіны. Мы хочам жыць у дэмакратычнай прававой дзяржаве. У дзяржаве, якая задэклараваная ў Канстытуцыі.
Прэзідэнта Беларусі можна адхіліць ад улады, гэта рэальна, толькі беларускі народ зможа гэта зрабіць на падставе законаў і Канстытуцыі.
Але давайце прыгадаем, як яны там бачаць закон:
- Сяргея Ціханоўскага спачатку затрымалі па адміністрацыйнай справе і не далі магчымасці прэтэндаваць на пасаду прэзідэнта, а 29-га мая ў Гродне Сяргея затрымалі за тое, што ён згодна з законам збіраў подпісы для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай.
- 18-га чэрвеня быў затрыманы Віктар Бабарыка, былы кіраўнік Белгазпрамбанка. Чаму? Таму што законна сабраў больш за 400.000 подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты. Учора яму, нібыта ў рамках закона, прад’явілі абвінавачванне.
- Сябры Прэзідыума Каардынацыйнай Рады Марыя Калеснікава і Максім Знак, а таксама сябар Рады Алана Гебрамариам усю кампанію казалі пра закон і выкарыстоўвалі толькі прававыя механізмы працы.
Усе яны, у ліку 143 беларусаў, з’яўляюцца палітычнымі зняволенымі за тое, што разам з беларускім народам жадалі выканання закона.
Мы стаялі ў шматтысячных чэргах, каб паставіць подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў, потым мы збіраліся на мітынгі аб’яднаных штабоў, а 9-га жніўня — большасцю прыйшлі прагаласаваць за Святлану Ціханоўскую.
У выніку выбараў 9-га жніўня беларускі народ адхіліў былога прэзідэнта ад гэтай пасады. І ўжо больш за сто дзён беларусы патрабуюць аднаўлення законнасці і павагі да іх меркавання з боку дзяржавы, якая блытае слова закон са словам бязладдзе.
Дастаньце Канстытуцыю з тумбачкі, пакладзіце на стол і пачніце яе выконваць.
У нас адзіная схема ўздзеяння на ўладу — сумленныя выбары, давер да якіх будзе як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне. Галоўнае — вызначыцца з датай. І ў нас жалезны факт — нас большасць. І закон будзе на нашым баку».