Марыя Калеснікава перадала з турмы пасланне Каардынацыйнай Радзе
«З самага першага дня стварэння КР мы знаходзімся пад беспрэцэдэнтным ціскам. Са жніўня месяца і да сёння нас запрашаюць на допыты, узбуджаюць крымінальныя справы, дэпартуюць ці змушаюць пакінуць краіну, пагражаюць і садзяць у турмы. Як вы ведаеце, і цяпер узбуджаныя новыя крымінальныя справы ў дачыненні да мяне, Максіма Знака і іншых сяброў Прэзідыума КР. Але насуперак гэтым дзеянням, КР працягвае развівацца і працаваць у Беларусі.
Па сутнасці, КР сёння з’яўляецца ледзь не адзінай арганізацыяй, што прадстаўляе голас і інтарэсы грамадзянскай супольнасці ў краіне. Упершыню за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі лепшыя прафесіяналы – юрысты, эканамісты, настаўнікі, бізнесмены, грамадскія і культурныя дзеячы – з’ядналіся для вырашэння вострых, складаных палітычных і сацыяльных праблем, з якімі сутыкнуліся беларусы пасля 9 жніўня.
Мае дарагія калегі і сябры з КР, я звяртаюся да вас са словамі велізарнай падзякі і захаплення. Вы – малайчыны! Вы – героі! Вы штодня здзяйсняеце подзвіг! Дзякуй вам за вашу рашучасць, устойлівасць, мужнасць і прынцыповасць! Я з вамі!
Ваша Маша».