Марыя Калеснікава ганараваная прэміяй імя Яна Карскага

Апублікавана:
23.06.2021, 14:27

Учора ў Варшаве сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Марыю Калеснікаву ўзнагародзілі прэміяй «Дух Яна Карскага» за абарону правоў чалавека.

Калеснікава – адна з герояў вялікага мірнага змагання за свабоду ў Беларусі. Цяжка ўявіць гаднейшага ўладальніка гэтай узнагароды. Мы вырашылі адзначыць устойлівае супраціўленне Калеснікавай і яе адвагу патрабаваць грамадзянскіх правоў для пераследаваных актывістаў, – адзначыў брытанскі гісторык, заснавальнік адукацыйнага фонду імя Яна Карскага, прафесар Цімаці Гартан-Эш.

Атрымаць прэмію прыехала сястра Марыі Таццяна Хоміч. Падчас уручэння прэміі сястра Марыі распавяла пра сітуацыю ў Беларусі, пра пераслед адвакатаў Марыі Калеснікавай і пра палітзняволеных:

Да Марыі не пускаюць нават нашага бацьку. Часам ёй не даходзяць лісты па 3-4 тыдні. Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўлення свабоды. Уявіце, што ў Беларусі больш за 500 такіх гісторый, – сказала Таццяна. –  Што здзіўляе і натхняе мяне і мільёны беларусаў і людзей з усяго свету, што нават пасля 9 месяцаў за кратамі Марыя не перастае быць сабой. Марыя – музыкант. У турме няма музыкі, і гэта рэальнае катаванне для яе. Яна ўяўляе музыку ў сваім сэрцы. Марыя – палітык. Яна працягвае натхняць беларусаў сваім цвёрдым перакананнем, што рана ці позна беларусы дамогуцца перамен.  

Прэмія Яна Карскага, удзельніка польскага руху Супраціўлення, адзначае адменныя заслугі людзей у сферы абароны правоў і годнасці чалавека, змагання супраць расізму, абароны этнічных і рэлігійных груп і суверэнных нацый, каб пабудаваць адкрытае і талерантнае грамадства.

Цырымонія ўзнагароджання даступная па спасылцы.