Кіраўнік «Беларускай асацыяцыі журналістаў» аб працы пасля ператрусаў і міжнароднай падтрымцы
11.03.2021, 15:41– Я яшчэ не выйшаў з офіса БАЖ, дзе праводзіўся ператрус, а Еўрапейская, і Міжнародная федэрацыі журналістаў выступілі з падтрымкай, – расказаў пра рэакцыю калегаў на шматлікія ператрусы старшыня БАЖа і сябра КР Андрэй Бастунец.
У падтрымку журналістаў і праваабаронцаў выступілі Еўрапейская федэрацыя журналістаў, Нямецкая асацыяцыя журналістаў, прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ, праваабарончыя арганізацыі Human Rights Watch і Civil Rights Defenders, а таксама дэпутаты Еўрапарламента.
16-га лютага пачалася новая хваля ціску на журналістаў, праваабаронцаў і актывістаў. У той дзень сілавікі правялі каля 90 ператрусаў у розных гарадах Беларусі «дзеля ўсталявання акалічнасцяў фінансавання пратэставай дзейнасці».
– Акцыя застрашвання мела зваротны медыйны эфект – міжнародныя арганізацыі разумеюць, што адбываецца, – каментуе сябра КР.
Учора Андрэй Бастунец амаль увесь дзень правёў на допыце ў Следчым камітэце ў якасці сведкі па крымінальнай справе. З яго ўзялі падпіску пра невыдаванне.
Паводле слоў Бастунца, нягледзячы на блакаванне офіса, праца БАЖа працягваецца выдалена. Цяпер ідзе падрыхтоўка да з’езда арганізацыі, які мае адбыцца ў красавіку.
— Праходзяць рэгіянальныя сходы сяброў БАЖа па вылучэнні дэлегатаў. Мы ездзім на гэтыя сходы — вельмі важна ў такі напружаны час сустракацца з калегамі і сябрамі, — скаментаваў Андрэй Бастунец.