Каментарый эксперта. Сітуацыя ў сферы навукі
На нарадзе па выніках 2020-га года Старшыня Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук (НАН) Беларусі Уладзімір Гусакоў падзякаваў кіраўнікоў акадэмічных арганізацый за «недапушчэнне супрацьстаяння навукоўцаў і ўлады»:
— Роля навукі — быць разам з уладай. Тое, што мы не дапусцілі расхіствання Акадэміі навук, яе развалу, утрымалі навукоўцаў, — у гэтым вялікая заслуга ўсяго кіруючага складу Акадэміі, — заявіў навуковец.
Сябра КР, прафесарка Наталля Абрашына-Жадаева лічыць, што 2021-ы год будзе няпростым у Акадэміі навук, у тым ліку з-за выказванняў Старшыні Прэзідыума НАН:
– Праз прамовы Уладзіміра Гусакова можа здарыцца, што прыватныя фірмы і замежныя кампаніі адмовяцца супрацоўнічаць з нашай Акадэміяй.
Таксама экспертка расказала, што ў НАН ёсць іншыя прычыны для складанасцяў:
— Адкрытае пытанне фінансавання. Дагэтуль няма ніякіх планаў фінансавання, ніхто не спадзяецца на нармальную зарплату ў гэтым месяцы, бо ў некаторых інстытутах у снежні шмат хто атрымаў зарплату ніжэй, чым звычайна. Плюс есць пацверджаная інфармацыя, што ў некаторых інстытутах людзей самаахвотна-прымусова пераводзяць на частку стаўкі, а часам нават адпраўляюць па магчымасці за свой рахунак.
Настрой у большай часткі маладых навукоўцаў у НАН змрочна-песімістычны, і моладзь рэальна разглядае варыянты выезду за мяжу. Што будзе — ніхто не ведае. Апроч таго, вядомыя выпадкі, калі гранты БРФФД не давалі «няправільным людзям», даводзілася замяняць грантаатрымальніка на «нейтральнага», а зыходнага кіраўніка пераводзіць у выканаўцы. Наступны крок, пэўна, — зусім не даваць нічога, таму народ і вострыць лыжы. Шмат якія навукоўцы, а асабліва маладыя, з’едуць (па грантах, стыпендыях, якія падаюць краіны Еўропы).
Калі рэзюмаваць, то фінансаванне навукі, без сумненняў, істотнае, але справа ўжо і не толькі ў аб’ёмах фінансавання, а і ў прынцыпах яго размеркавання; у навуковых кадрах; у самай атмасферы, што склалася ў навуковых установах. Гэтая праблема даўно на парадку дня. Калі яна не вырашыцца, то змрочна-песімістычны настрой пяройдзе ва ўстойлівы стан.
Крыніца фота: The Village