Каб бачыць «святло ў канцы тунэля». КР стварыла рэзалюцыю па культуры ў Беларусі

Апублікавана:
05.02.2021, 09:00

Мы сфармулявалі тое, з чым мы катэгарычна не згодныя, акрэслілі галоўныя праблемы і зрабілі пэўныя і сістэмныя прапановы па іх развязку, – кажа пра значэнне дакумента Андрэй Курэйчык. – Дзеячы культуры павінны бачыць «святло ў канцы тунэля», разумець, што іх становішча абавязкова будзе палепшана.

Экспертная група па культуры пры Каардынацыйнай радзе, у якую ўваходзяць дырэктар Цэнтра візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» Анжаліка Крашэўская, кінасцэнарыст і рэжысёр Андрэй Курэйчык, лідар групы J:Mors Уладзімір Пугач, дырэктар Symbal.by Павел Белавус, пры падтрымцы Беларускага Фонда культурнай салідарнасці апісалі праблемы сферы культуры ў сучаснай Беларусі і прапанавалі сваё бачанне іх развязку.

Праблемы

  • Неспрыяльныя ўмовы для творчай самазанятасці. Прыватныя творчыя праекты не атрымліваюць ці атрымліваюць недастатковае фінансаванне ад дзяржавы.
  • Няма ці бракуе спецыялістаў па некаторых сучасных і патрэбных спецыяльнасцях.
  • Беларускае заканадаўства не дазваляе бізнесу і прыватным ініцыятывам фінансаваць культурныя праекты з іншых, чым прыбытак, рэсурсаў.
  • Недзяржаўныя арганізацыі абмежаваныя ў правах на правядзенне культурных імпрэз — на гэта патрэбны дазвол улад.

Прапановы

  • Фарміраваць у беларускім грамадстве пазітыўныя адносіны да фундатарства — гэта патрэбная частка падтрымкі сферы культуры.
  • Павялічыць унёсак прыватнага бізнесу ў развіццё сферы культуры — матываваць падатковымі палёгкамі.
  • Стварыць роўныя ўмовы для дзяржаўных і прыватных арганізацый у сферы культуры.
  • Пашырыць магчымасці росту ў сферы культуры за кошт дадатковага ўтварэння, адкрытых курсаў, прафесійных стажыраванняў.

На думку Курэйчыка, складаецца ўражанне, што ўлада помсціць дзеячам культуры за тое, што тыя не хочуць жыць і працаваць у канцлагеры. Зачыненыя дзясяткі прыватных тэатраў, культурных цэнтраў, галерэй, выдавецтваў. Сотні дзеячаў культуры прайшлі праз турмы і ізалятары. Становішча беларускай культуры катастрафічнае, і Каардынацыйная рада не магла застацца ўбаку.

Поўны тэкст рэзалюцыі. Калі ў вас ёсць прапановы ці пытанні да аўтараў рэзалюцыі, скіроўвайце іх на адрас artandculture@rada.vision.