Каардынацыйная Рада запускае кампанію «Хопіць карміць Орду!»

Апублікавана:
05.11.2020, 13:41


У адказ на зробленыя прапановы па змене Канстытуцыі Беларусі ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі лідары Каардынацыйнай Рады заклікаюць беларусаў выходзіць з праўладных прафсаюзаў і ствараць незалежныя праз платформу https://profbel.online. Абвешчана Кампанія “Хопіць карміць Орду.”

Пра мэты кампаніі расказала сябра Прэзідыума КР Вольга Кавалькова:

“За апошні тыдзень працоўныя,  медыкі, студэнты заявілі пра сваё права на мірны пратэст – страйк. Улады адказалі тэрорам. АМАП на прадпрыемствах, вну. Звальненне нязгодных працоўных, адлічэнні студэнтаў.

Ва ўсім свеце права на страйк з’яўляецца неад’емным правам грамадзянаў, і арганізуюць страйкі, абараняюць правы студэнтаў, працоўных – прафсаюзы.

Але ў Беларусі гэта не так. У праўладную Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі ўваходзяць больш за 4 000 000 чалавек. Шмат якія людзі нават не ведаюць, што з іх зарплат кожны месяц адлічаюць 1 % на карысць Федэрацыі і больш за 12 000 000 $ ідзе прафсаюзным босам. Узначальвае гэты прафсаюз Міхаіл ОРДА. Замест таго каб абараняць  правы працоўных, студэнтаў, медыкаў, настаўнікаў – ён быў кіраўніком перадвыбарчага штаба Лукашэнкі.    

А цяпер ад імя Федэрацыі прапанаваныя цынічныя праўкі ў канстытуцыю.

Нас пазбаўляюць права на страйк як спосаб выразу палітычнай пазіцыі.

Мы страцім усеагульнае права на бясплатную медыцынскую дапамогу.

Мы страцім права на гарантаваны штогадовы аплатны водпуск.

Цынізм службоўцаў праўладнага прафсаюза зашкальвае.

Таму мы пачынаем кампанію «Хопіць карміць арду!» на сайце https://profbel.online/ ці праз тэлеграм канал – https://t.me/profbelonline

Кожны можа даведацца, як выйсці  з праўладнага прафсаюза і стварыць незалежны прафсаюз у сябе на прадпрыемстве, у ВНУ.

Хопіць карміць арду!”