Ініцыятывы дапамогі студэнтам
Больш за два месяцы праект Каардынацыйнай Рады Прафсаюз.Online дапамагае незаконна адлічаным студэнтам абараняць свае правы.
Прафсаюз.Online разам з Свабодным прафсаюзам Беларускі (СПБ) падтрымалі 15 адлічаных з-за сваёй грамадзянскай пазіцыі студэнтаў з БНТУ; дапамаглі знайсці студэнтам адвакатаў і скласці заявы на ўніверсітэт у суд. Па некаторых справах ужо прайшлі папярэднія слуханні і працэс разгляду іскаў працягваецца.
Прадстаўнікі Прафсаюз.Online расказваюць, што чатырох адлічаных студэнтаў, якім дапамагае праект, прымусова прызвалі ў войска. Прызыў адбыўся з парушэннямі правядзення медкамісіі і насуперак таму, што ўжо былі запушчаныя судовыя працэсы для аднаўлення студэнтаў ва ўніверсітэце.
Прафсаюз.Online і СПБ працягнуць суправаджаць справы студэнтаў і гатовыя дапамагаць беларусам, якія хочуць уступіць у незалежныя прафсаюзы і законнымі метадамі абараняць свае працоўныя правы.
Нагадаем, што праект Сумленны ўніверсітэт ад ініцыятывы Сумленныя людзі стварыў платформу univer.honest-people.by, дзе сабраныя ўсе ініцыятывы, якія дапамагаюць студэнтам з юрыдычнымі, фінансавымі і акадэмічнымі пытаннямі.