“Хрысціянская візія” пра міжнародную салідарнасць
На мінулым тыдні афіцыйны Ватыкан выступіў з каментарыем у падтрымку беларусаў:
– Найсвяты Прастол працягвае ўважліва сачыць за развіццём сітуацыі ў Беларусі, – сказана ў заяве. – Св. Прастол сочыць за крокамі, распачатымі рознымі дзеячамі, якія ўцягненыя ў падзеі, што адбываюцца ў краіне. Ватыкан застаецца адданым свайму абавязку спрыяць дасягненню дэмакратычных і мірных развязкаў у адказ на законныя патрабаванні беларускага народа.
Гэтую заяву патрэбна разглядаць не толькі як падтрымку дэмакратычнага руху, але і як зварот у адрас іншага палітычнага суб’екта, лічыць група КР “Хрысціянская візія”:
– Для цяперашняй улады гэта ўдар “па балючых кропках”. Калі ватыканскі дыпламат Анту Йозіч прыязджаў у Беларусь, то ўлады дэкларавалі супрацоўніцтва паміж Ватыканам і афіцыйным Мінскам. Аднак пасля афіцыйнай сустрэчы Анту Йозіч наведаў у турме палітзняволеную каталіцкую верніцу Вольгу Залатар і ясна даў зразумець, што ў курсе рэальнай сітуацыі ў Беларусі. Гэта і завецца “ватыканскай дыпламатыяй”, – каментуе “Хрысціянская візія”.
У пятніцу група “Хрысціянская візія” зрабіла заяву ў падтрымку адхіленага ад кіравання Гарадзенскай епархіяй арцыбіскупа Арцемія.
Група “Хрысціянская візія” вядзе маніторынг пераследаў па падставах, звязаных з рэлігіяй, падчас палітычнага крызісу ў Беларусі. Сачыць за дзейнасцю групы можна ў канале «Хрысціянская візія».