«Хачу, каб беларусы пісалі звароты і каб службоўцы кожны дзень вялі пісьмовы дыялог з народам»

Апублікавана:
14.03.2021, 16:04

Дар’я з Мінска напісала некалькі дзясяткаў зваротаў праз платформу Skarga.help. Спыталіся ў яе пра вынікі і матывацыю працягваць дзейнічаць.

«Больш за ўсё мяне “закрануў” выступ намесніка начальніка Першамайскага РУУС Арцёменкі Сяргея Пятровіча. Пасля яго прапаноў беларусаў сталі пераследаваць за тое, што мы вывешваем сцягі ці прадметы белага і чырвонага колеру на сваіх балконах і вокнах.

Я адправіла заяву на пікет у Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт у той жа дзень, калі форма ліста з’явілася на skarga.help. Зараз я нядрэнна арыентуюся ў Законе пра масавыя імпрэзы, ведаю што патрэбна складаць дамову з міліцыяй, хуткай і Зелянбудам. Ведаю, што, каб рэалізаваць права на мірны выраз думкі, беларусы павінны аплачваць паслугі розных службаў.

Хачу сабраць доказы непрацаздольнасці Закона. Нельга мірыцца з здзекаваннямі і рабіць выгляд, што нічога не адбываецца».