Галоўная Навіны Сябры Рады Працоўныя групы Фракцыі Камісіі Дакументы Кантакты BY Яшчэ некалькі аналагічных рашэнняў, і бізнесу ў Беларусі не застанецца
З 1-га студзеня ў Беларусі выраслі падаткі для ІП, мабільных аператараў, павялічыліся стаўкі падаходнага падатку для рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій. Таццяна Марыніч, сябра КР і дырэктар групы кампаній BELBIZ, каментуе становішча бізнесу ў Беларусі.
«Рэжым змушаны шукаць дадатковае фінансаванне, улічваючы, што ў 2021 годзе прагназуецца рэкордны дэфіцыт бюджэту за ўсю гісторыю. Пры гэтым, выдаткі на праваахоўную дзейнасць і забеспячэнне бяспекі вырастуць у параўнанні з папярэднім годам і ў 2021 годзе больш чым у 2 разы перавысяць, прыкладам, выдаткі на ахову здароўя.
Для таго каб пераадолець крызіс пандэміі, дзяржавы, якія сапраўды думаюць пра развіццё эканомікі, спрабуюць падаць палёгкі, субсідыі і падатковыя вакацыі бізнесу. Яны разумеюць, што, калі бізнес выжыве, эканоміка будзе развівацца. У Беларусі рэжым разглядае бізнес як дойную карову.
Гэта недальнабачная палітыка, якая закліканая залатаць бягучыя дзіркі. Яна недзеяздольная ў доўгатэрміновай перспектыве. Гэта чарговыя граблі, на якія наступае беларускі рэжым, апускаючы планку даверу грамадства і бізнесу да дзяржаўных інстытутаў на мінусавую адзнаку.
Як можна давяраць інстытутам улады, якія гарантуюць, прыкладам, асаблівы рэжым падатковых палёгак у ПВТ да 2049-га года, а праз два гады змяняюць свой рашэнне? Сёння падвышэнне падаходнага падатку — заўтра паквапяцца на славуты ФСАН, а пазаўтра можна будзе казаць пра поўны крах IT-індустрыі ў Беларусі.
Узрост падатковай нагрузкі на бізнес — гэта дрэнны знак. Гэта знак таго, што дзяржава гатовая толькі браць. Прычым рукамі бізнесу павялічвае выдаткі на карны апарат, а не дапамагае пацярпелым ці павялічвае выдаткі на ахову здароўя і адукацыю. Яшчэ некалькі аналагічных рашэнняў — і бізнесу ў Беларусі не застанецца. Толькі хто будзе фінансаваць гэты баль улады падчас чумы?»
Праект Каардынацыйнай Рады zadelo.co фіксуе кожны выпадак ціску на бізнес па палітычных матывах, каб гэта інфармацыя магла быць скарыстаная для далейшых расследаванняў. Падзяляйцеся ананімна сваімі гісторыямі на сайце праекта.
Фота: Dev.by