Довады абароны і апошняе слова Аланы Гебрэмарыам

Апублікавана:
12.07.2021, 18:30

Сёння ў судзе па «Справе студэнтаў» скончыліся спрэчкі бакоў і рабяты выступілі з апошнім словам. 16 ліпеня ўдзельнікам справы, у тым ліку сябру КР Алане Гебрэмарыам, вынесуць прысуд.

Для мяне важна заставацца чалавекам у любых сітуацыях. Я не шкадую, што не ілгу і не крывадушнічаю перад сабой і іншымі, – сказала Алана ў апошнім слове.

Таксама моладзевая актывістка адзначыла, што відэа КР было знята пазней, чым усё, што ёй ставіцца, і яно не магло падштурхнуць некага да нейкіх дзеянняў. Закон павінен дзейнічаць для ўсіх, а інакш гэта самавольства.

Алана не прызнала віны, падзякавала блізкіх і адзначыла, што іншыя абвінавачаныя не злачынцы.

–  Ганаруся, што я беларуска, — скончыла Алана.

Абарона Аланы кажа, што паданыя абвінавачанні складана ацаніць нават юрысту. Абінавачанні ў змове беспадстаўныя, бо няма факта камунікавання паміж абвінавачанымі. Таксама у матэрыялах справы не было інфармацыі пра выпрацаваны ў выніку змовы план.

Ніякіх пэўных дзеянняў Аланы па арганізацыі масавых мерапрыемстваў у справе не паказана. Матэрыялы справы не ўтрымліваюць доказаў таго, што Гебрэмарыам схіляла людзей да ўдзелу ў акцыях. Да адной з канферэнцый у зуме яна далучылася ў канцы і казала толькі пра навучанне ва ўніверсітэтах за мяжой. Таксама адвакат заўважыў, што ў справе няма доказаў таго, што Алана каму-небудзь аказвала матэрыяльную падтрымку.

Абарона зважае на разгляд кампакт-дыска з выступам Аланы. У ім яна толькі расказвае агульнадаступную інфармацыю пра КР. Кажа пра ўдзел у адукацыйных праграмах.

Алана заўсёды была актыўным, таленавітым чалавекам, ёй уласцівая эмпатыя, яна імкнулася дапамагаць людзям, – кажа адвакат і просіць апраўдаць Алану за адсутнасцю складу злачынства.

Па матэрыялах канала «Студэнцкая думка».