Дэмакратычныя сілы запускаюць кампанію «Народная Канстытуцыя»
Сёння Віктара Бабарыку асудзілі на 14 гадоў. Гэта чарговы прысуд, які сведчыць пра тое, што ў Беларусі не працуюць ніякія законы, у тым ліку Канстытуцыя.
Ініцыятыва «Сумленныя людзі» пры ўдзеле Кабінета прадстаўнікоў Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, Грамадскай канстытуцыйнай камісіі і Народнага антыкрызіснага кіравання запусціла платформу «Сумленны выбар», дзе стартавала кампанія «Народная Канстытуцыя». У рамках кампаніі ўсе паўналетнія грамадзяне Беларусі могуць узяць удзел у стварэнні і вынясенні на рэспубліканскі рэферэндум праекта Канстытуцыі ад аб’яднаных дэмакратычных сіл.
— Кампанія «Народная Канстытуцыя» — гэта магчымасць гаварыць пра тое, якой бачаць Канстытуцыю беларусы, і пра патрэбу змены падыходаў да правядзення выбараў, фармавання камісій і падліку галасоў. Для таго, каб зрабіць сур’ёзны грамадскі ціск на сістэму, нам патрэбен актыўны ўдзел беларусаў. У 2020 годзе беларусы паказалі, што яны не дадуць сябе ашукаць і будуць працягваць усімі законнымі спосабамі дамагацца таго, каб іх думка і выбар былі ўлічаны, — пракаментавала сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова.
Для таго, каб дамагчыся вынясення праекта Народнай Канстытуцыі на рэферэндум, аб’яднаныя дэмакратычныя сілы прапануюць грамадзянам Беларусі адпраўляць звароты з такім патрабаваннем у Канстытуцыйную камісію. Для дапамогі грамадзянам каманда праекта падрыхтавала шаблон і інструкцыі, якія можна атрымаць праз чат-бот у Telegram (@vybor_by_bot) і Viber (https://bit.ly/vybor-by-viber). Адправіць зварот можна да 1 жніўня 2021 года. Задзейнічаныя ў праекце дэмакратычныя структуры запатрабуюць, каб праект Народнай Канстытуцыі быў вынесены на рэферэндум у Парламент (Палату прадстаўнікоў).
Да 27 жніўня будуць праходзіць адкрытыя экспертныя і грамадскія дыскусіі вакол праекта Народнай Канстытуцыі, а таксама народныя галасаванні па яго найважнейшых палажэннях.
Больш інфармацыі аб праекце – на сайце.