CША працягваюць падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі

Апублікавана:
19.07.2021, 13:54

Місія ЗША пры АБСЕ зноў заклікала ўрад Беларусі да дыялогу з дэмакратычнымі сіламі:

Мы будзем працягваць заклікаць беларускія ўлады прыняць прапановы дзеючых старшыняў АБСЕ для спрыяння нацыянальнаму дыялогу з удзелам дэмакратычных сіл, а менавіта Каардынацыйнай рады і грамадзянскай супольнасці. Гэты дыялог прывядзе да правядзення свабодных і справядлівых выбараў у адпаведнасці са стандартамі АБСЕ пад назіраннем АБСЕ і кантролем незалежных унутраных назіральнікаў, – гаворыцца ў заяве часовага паверанага ў справах ЗША ў АБСЕ Джэймса Донегана.

Таксама ў заяве гаворыцца, што ЗША мае намер працягваць аказваць ціск на дзейную ўладу ў Беларусі з мэтай вызваліць усіх палітычных зняволеных.

Яшчэ ўвосень Каардынацыйная рада як прадстаўнік грамадзянскай супольнасці Беларусі быў прызнаны як Еўрасаюзам, гэтак і ЗША.

21-га снежня Сенат ЗША прыняў «Акт пра дэмакратыю, правы чалавека і суверэнітэту ў Беларусі», у якім прызнаў КР легітымным прадстаўніком беларускага народа.

У лютым Камітэт па міжнародных адносінах Палаты прадстаўнікоў ЗША прызнаў Каардынацыйную раду легітымным інстытутам у перамовах па выйсцю з палітычнага крызісу.

У сакавіку місія ЗША пры АБСЕ падтрымала заяву Ціханоўскай пра галасаванне за мірнае развязанне крызісу шляхам дыялогу паміж уладамі, Каардынацыйнай радай і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

Цяпер Святлана Ціханоўская знаходзіцца на візіце ў ЗША, дзе сустрэнецца з дзяржсакратаром ЗША, абмяркуе дапамогу беларусам і развязанне палітычнага крызісу.