Чаму беларусам не трэба баяцца рэформ? Расказвае Алесь Аляхновіч
Добры дзень, мяне завуць Алесь Аляхновіч, я эканамічны дарадца Святланы Ціханоўскай і член Эканамічнай групы Каардынацыйнай Рады.
Сёння я хачу адказаць на пытанне “Чаму беларусам не трэба баяцца зменаў?”.
26 гадоў таму беларусы зрабілі гістарычную памылку. Мы абралі чалавека, які паабяцаў нам вяртанне ў СССР. З тых часоў мы чуем ад яго: «Я свою страну за цивилизованным миром не поведу». А яшчэ ён пастаянна кажа, што нам не трэба ніякіх рэформ, нам абы захаваць тое, што ёсць. І што стабільнасць гэта тое, што нам патрэбна.
Да якіх вынікаў прывяла такая палітыка за 26 гадоў?
Я патлумачу гэта на прыкладзе Беларусі і Польшчы. Той самай краіны, пра якую ў СССР казалі “Куріца не птіца, Польша не заграніца”. 30 гадоў таму Беларусь і Польшча былі на падобным узроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця. Паводле некаторых паказчыкаў, пад канец 80-ых беларуская эканоміка была нават больш паспяховай, чым Польшча. Аднак, з пачаткам 90-ых краіны абралі зусім супрацьлеглыя мадэлі трансфармацыі. Польская эканоміка хутка наблізілася да рынкавай эканомікі і сёння лічыцца адной з самых рэфармаваных і паспяховых сярод постсацыялістычных краін. Тады як беларуская эканоміка наадварот – увесь час была і застаецца адной з найменш рэфармаваных.
Па-першае, пачну з заробкаў. У верасні 2020-ага сярэдні месячны заробак у Беларусі (да выплаты падаткаў) склаў 1265 руб. альбо 484 даляры. Памятаеце, яшчэ ў 2006 г. тагачасны кіраўнік Беларусі паабяцаў заробак у 500 даляраў да канца пяцігодкі. Прайшло ўжо 15 гадоў, а беларусы ўвесь час топчуцца вакол гэтай лічбы. І кожны эканамічны крызіс адкідвае нашыя заробкі назад. Так было пасьля дэвальвацый ў 2009 г., трохкратнага абвалу рубля ў 2011 г., валютнага крызісу канца 2014 г. і эканамічнага спаду ў 2015-2016 гг., а таксама рэцэсіі бягучага году. Пры гэтым, 500 даляраў у 2020-ым мае ўжо меншую плацёжную здольнасьць, чым у 2006 г.
Для параўнання ў Польшчы месячны заробак у верасні склаў 1416 даляраў – у тры разы больш, чым у Беларусі.
Добра, гэта сярэдні заробак, а што з мінімальным заробкам? Ён у Беларусі сёлета складае 375 рублёў альбо 144 даляры, паводле курсу ў верасні. А ў Польшчы 686 даляраў, таксама паводле курсу ў верасні. Гэта амаль у 5 разоў больш, чым у Беларусі.
Тады можа прынамсі пенсіянеры ў Беларусі добра жывуць? У верасьні сярэдняя пенсія склала 458 рублёў альбо 175 даляраў, тады як у Польшчы прыкладна 650 даляраў, амаль у чатыры разы болей.
Можна яшчэ параўнаць велічэню стыпендый, дапамогі па беспрацоўю і іншыя сацыяльныя выплаты ці даходы людзей. Але гэта не зменіць агульнага фону, Беларусь вельмі моцна адстае па даходам ад Польшчы.
Па-другое, давайце паглядзім на кошты жыцця. Бо нехта можа запярэчыць, што ў Беларусі яны значна ніжэйшыя, чым у Польшчы. Але гэта няпраўда!
- Калі б так было, то беларусы не прыяжджалі бы ў Польшчу па пакупку вопраткі, абуткаў, сціральных парашкоў, біжутэрыі, электронікі і многіх іншых тавараў.
- Калі б так было, то беларусы не карысталіся бы варшаўскім аэрапортам для замежных пералётаў.
- Калі б так было, кошт патрыманай машыны ў Беларусі павінен быць меншы, чым у Польшчы. Але так не ёсць.
- Калі б так было, то іпатэчны крэдыт на кватэру ў Беларусі быў бы танны і лёгка даступны. Але так не ёсць. Працэнтныя стаўкі па неільготным крэдытам прыкладна 10%, тады як у Польшчы яго яны пад 2%.
На канец хачу запытацца ў тых, хто яшчэ вагаецца і ня ведае, што рабіць. Няўжо вас гэта задавальняе? Няўжо вам падабаецца, што апошнія 10 гадоў вы працуеце і круціцеся, як можаце, але вашыя даходы і ваш дабрабыт не растуць. Няўжо вы хочаце, каб вашыя бацькі, а ў будучыні і вы, мелі нішчынскую пенсію, на якую яны і вы ніколі не дазволяць сабе выехаць у адпачынак за мяжу? Няўжо вы хочаце, каб вашых дзецяй пасля чарговых 26 гадоў застою АМАПаўцы таксама заганялі на працу пінкамі ў спіну, як гэта было нядаўна з ГроднаАзотаўцамі? Падумайце пра лёс сваіх дзяцей. Калі сёння вы змаўчыце, то заўтра вы іх не пабачыце, бо яны пераедуць жыць у іншыя краіны, дзе яны змогуць рэалізаваць свой патэнцыял.
Таму не бойцеся зменаў. Бо без іх у нас не будзе будучыні, а будзе дэградацыя, якую ўлады фальшыва называюць стабільнасцю.