Без палітычных саступак ЕАБР наўрад ці выратуе Лукашэнка
Алесь Аляхновіч, прадстаўнік эканамічнай групы КР і эканамічны дарадца Святланы Ціханоўскай.
Сёння прайшла сустрэча ўрады Беларусі, на чале з першым віцэ-прэм’ерам, Мікалаем Снапковым, са старшынём Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР), Мікалаем Падгузавым. Мікалай Снапкоў прызнаў праблемы з доступам да вонкавага фінансавання:
«Для нас ЕАБР цяпер вельмі важны інстытут з улікам таго, што прапрацоўваюцца чарговыя санкцыйныя спісы, з улікам таго, што ёсць праблемы з фандаваннем знешняга фінансавання, асабліва заходніх банкаў. Мы, вядома, вельмі разлічваем на вашу дапамогу».
У сувязі з гэтым бакі абмяркоўвалі магчымасць замяшчэння фінансавання Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) і Еўрапейскага інвестыцыйнага банка (ЕИБ). Насамрэч, не ўсе так радасна, як гэта хоча прэзентаваць беларускі афіцыйны бок. У 2019 г. ЕБРР і ЕИБ уклалі парадку $ 930 млн. у праекты ў Беларусі. Ці хопіць сродкаў у ЕАБР, каб штогод укладаць у беларускую эканоміку парадку $ 1 млрд.?
На дадзены момант ЕАБР мае актыўны партфель праектаў у Беларусі на $ 1 млрд. Пры гэтым увесь статутны фонд ЕАБР складае $ 7 млрд. Заснавальнікамі банка з’яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан. Доля Беларусі ў статутным фондзе – 0,99%, г. зн. меней $ 70 млн. Значыць, Беларусь ужо цяпер мае праектны партфель, які ў 14 разоў перавышае яе ўдзел у статутным фондзе. Далейшае павелічэнне долі Беларусі ў партфелі ЕАБР можа выклікаць непаразуменне іншых краін-партнёраў. Таму без павелічэння статутнага фонду – перадусім з боку Расіі, чыя доля ў статутным фондзе складае 66%, – наўрад ці знойдуцца новыя сродкі для Беларусі.
З іншага боку, варта разумець, што павелічэнне фінансавання беларускай эканомікі з боку ЕАБР з’яўляецца палітычным пытаннем. Рашэнне ЕАБР будзе залежаць ад выканання «сочынскіх пагадненняў» (у тым ліку, паскарэнне канстытуцыйнай рэформы). Расія скончыла фінансавую падтрымку рэжыму ў абмен на паветраныя пацалункі. Больш няма неабумоўленых крэдытаў для Беларусі, як гэта было раней. А Лукашэнка давёў краіну за 26 гадоў да такога стану, калі без вонкавага падсілкавання яна не можа развівацца.