«Без лічбавага кіравання немагчыма забяспечыць празрыстасць, а адпаведна і аднавіць давер людзей да інстытутаў улады»
У Беларусі стартавала канферэнцыя BelarusDigital.Vision. Спікеры з Беларусі, Эстоніі, Польшчы, Украіны, Расіі, ЗША і іншых краін абмеркавалі лепшы досвед пабудовы лічбавай дзяржавы і лічбавай эканомікі.
Макс Баграцоў, IT прадпрымальнік, сябра КР, адкрываючы канферэнцыю, адзначыў, што лічбавае грамадства – гэта не будучыня. «Шмат што ў Беларусі ўжо існуе – тэхналагічныя таленты і адны з самых перадавых у свеце распрацовак. Без тэхналогій мы не былі б там, дзе цяпер знаходзімся падчас трансфармацыі нашага грамадства. IT прадпрымальнікі і бізнес, пабудаваны на тэхналогіях, дапамаглі атрымаць той сярэдні клас, якога так бракавала беларускаму грамадству. З гэтага новага класа пачалася новая хваля руху і змен».
Сяргей Гурыеў: “Сённяшняя мадэль беларускай эканомікі зайшла ў тупік. Першыя 15 гадоў яна трымалася на субсідыях Расіі, а апошнія 10 гадоў у беларускай эканоміцы назіраецца застой. Але гэтыя праблемы абсалютна вырашальныя. Калі грамадскасць хоча змагацца з карупцыяй і будзе будаваць празрыстае грамадства, то знойдуцца партнёры, якія дапамогуць вырашыць эканамічныя праблемы”. Чаму дэмакратычныя краіны дапамагаюць? Дэмакратычныя каштоўнасці будуюцца на ідэі мець побач багатых і квітнеючых суседзяў, якім не трэба ваяваць адзін з адным. Выгадна мець мірнага, багатага партнёра, а не ворага побач.”
Таццяна Марыніч, сябра КР, на адкрыцці канферэнцыі Belarus Digital.Vision заявіла, што Беларусь можа стаць адным з самых перадавых лічбавых грамадстваў у свеце. «Мы на ўласным досведзе разумеем, што без лічбавага кіравання немагчыма забяспечыць празрыстасць, а адпаведна і аднавіць давер людзей да інстытутаў улады. Такія платформы як “Голас” ужо дапамагаюць лічыць галасы на выбарах, і з’яўляюцца прыладай, якой давярае грамадства. Таленавітыя беларусы здольныя за кароткі перыяд з апошняй дыктатуры Еўропы пабудаваць адно з самых перадавых грамадстваў будучыні. Для гэтага нам трэба толькі адно – свабода.”
Канферэнцыя BelarusDigital.Vision праходзіць у партнёрстве з Каардынацыйнай Радай.