Беларусы падпісваюць патрабаванне адкрытага суда над Калеснікавай і Знакам
Сёння штаб Віктара Бабарыкі запусціў адкрыты зварот, каб заклікаць Следчы камітэт, Генеральную пракуратуру, Вярхоўны суд і Адміністрацыю Прэзідэнта Беларусі зрабіць суд над сябрамі прэзідыума КР Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам адкрытым.
– Адкрыты суд – гэта магчымасць публічна паказаць, што ў дзеяннях Максіма і Марыі няма складу злачынства. Мы ўпэўненыя, што, калі суд будзе справядлівым, яны адназначна будуць апраўданыя, – гаворыцца ў звароце да ўлад. – Мы патрабуем адкрытага суда над Марыяй Калеснікавай і Максімам Знакам — праўду няма чаго хаваць.
Ліст ужо падпісалі вядомыя беларусы, у тым ліку Святлана Алексіевіч, Надзея Астапчук, Уладзімір Цэслер, Аляксандра Герасіменя, Алена Леўчанка, Вольга Кавалькова, Павел Латушка, Сяргей Чалы, Маргарыта Ляўчук, Наталля Дуліна, Андрэй Курэйчык.
Што можаце зрабіць вы?
– Падпісаць ліст з патрабаваннем адкрытага суда;
– Падзяліцца гэтым зваротам са сваімі знаёмымі.
Суд над Марыяй і Максімам павінен пачацца 4 жніўня. Калі ён будзе закрытым, то гэта значыць, што ні прадстаўнікі незалежных СМІ, ні іншыя грамадзяне не змогуць быць на пасяджэннях. Навошта рабіць суд закрытым, калі, як сцвярджаецца, есць дастаткова доказаў віны Марыі і Максіма? Навошта рабіць суд закрытым, калі абвінавачанне Марыі і Максіма заснавана на іх публічных выказваннях?
Давайце разам зададзім ўладам пытанне «Навошта рабіць суд закрытым»?