Андрэй Курэйчык пра ціск на прэсу
Галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча ўчора затрымалі і збілі. На Акрэсціна знаходзіцца галоўны рэдактар часопіса «Наша гісторыя» Андрэй Дынько. У рэдакцыі «Медыя-Палесся» прайшоў ператрус па крымінальнай справе пра тэрарызм. З ператрусам прыйшлі да брэсцкага журналіста Максіма Хлебца, журналістцы Onliner Настассі Занько і да глыбоцкай журналісткі Таццяны Смоткінай. Таксама ператрус праходзіць у адміністратара партала «Віртуальны Брэст» Андрэя Кухарчыка… Сёння ўвесь дзень прыходзіць інфармацыя пра чарговыя ператрусы і затрыманні рэдакцый і журналістаў.
Раней ціску падпалі супрацоўнікі партала Tut.by і Прэс-клуба. На дадзены момант, па інфармацыі БАЖ, у зняволенні 32 журналісты. Рэжысёр і сцэнарыст, сябра КР Андрэй Курэйчык называе такі ціск на прэсу – тэрорам:
– Улада арганізавала татальную атаку на інстытут журналістыкі сам па сабе, усталёўваючы рэжым абсалютнай несвабоды слова ў Беларусі. Мы назіраем звальванне краіны не толькі ў горшыя формы таталітарызму, здаецца, было зжытыя ў Еўропе ў XXI стагоддзі, але і нахабнае і дэманстрацыйнае парушэнне ўзятых Беларуссю міжнародных абавязанняў, ратыфікаваных міжнародных канвенцый, абавязанняў перад ААН і АБСЕ, не кажучы ўжо пра Канстытуцыю, дзе свабода інфармацыі запісана як канстытуцыйнае і непарушнае права народа. Мы назіраем тое, што можна схарактарызаваць адным словам – тэрор, – сказаў Андрэй Курэйчык.