Андрэй Курэйчык пра адхіленне Беларусі ад удзелу ў «Еўрабачанні»
Рэжысёр і сябра КР Андрэй Курэйчык пракаментаваў сітуацыю з адхіленнем Беларусі ад удзелу ў конкурсе: «Рашэнне Еўрапейскага трансляцыйнага саюза трэба разумець у дзвюх плоскасцях. Першае, яно адлюстроўвае дачыненне непасрэдна да Белтерадиокомпании як да СМІ, што мае ў Еўропе статус і рэпутацыю прапагандысцкай арганізацыі.
Калегам з іншых краін вядома, што, нягледзячы на тое, што БТ “корміцца” за кошт беларускага народа, яно дзейнічае не ў яго інтарэсах, а служыць асабіста Лукашэнку з мэтай захавання яго ўлады і апраўдання яго дзеянняў, у тым ліку і злачынных.
Другое, гэтае рашэнне яшчэ раз нагадвае ўсім, што “Еўрабачанне” — гэта перш за ўсё конкурс талентаў. Гэта свята папулярнай, таленавітай песні. На жаль, у Беларусі крытэрый таленту, здаецца, зусім не ўлічваўся пры цяперашнім адборы. Гэта звязана з тым, што абсалютная большасць сапраўды адораных выканаўцаў і аўтараў, натуральна, апынуліся прыхільнікамі волі, еўрапейскіх каштоўнасцяў і выступілі на боку беларускага народа.
Песні гурта “Галасы ЗМеста” жахліва няздарныя. Адзіная вартасць гэтай групы, якая дазволіла ёй выйграць нацыянальны адбор, — гэта лаяльнасць ўладзе і прапагандысцкі запал. Відавочна, гэтыя аргументы атрымалі ў Еўропе натуральную ацэнку — Беларусь упершыню за ўвесь час удзелу ў конкурсе была ганебна дыскваліфікаваная.
Гэта паказвае толькі адно: спроба кіраваць культурай у ручным рэжыме і на падставе выключна ідэалагічных крытэрыяў, прывялі яе да глыбокага крызісу. Зрэшты, гэта можна сказаць і пра любую іншую сферу ў Беларусі, і пра ўсю краіну ў цэлым».
Гэта чарговая перамога беларусаў у скарбонку да скасаванага Чэмпіянату свету па хакеі і адмове міжнародных кампаній фундаваць спартыўную імпрэзу, калі б яна прайшла ў Беларусі.
Цяперашняя ўлада не прымае альтэрнатыўнай думкі, яна яе баіцца і ўсімі сіламі імкнецца схаваць голас народа. Але немагчыма хаваць і замоўчваць праўду ад адукаваных людзей.
Мы дзякуем усім беларусам за тое, што ў нас і ў гэты раз атрымалася абараніць сваю пазіцыю, а таксама калегаў з іншых краін за падтрымку ў імкненні да справядлівасці і годнага прадстаўлення краіны. За папярэднія месяцы Беларусь даведалася пра шмат якіх артыстаў, адданых сваім прынцыпам, што выбіраюць праўду і праз гэта пазбываюцца працы, адважна выказваюць сваю думку і разам з большасцю беларусаў робяць усё магчымае, каб мы жылі ў дэмакратычным грамадстве. Падтрымаць народных артыстаў можна праз Беларускі фонд культурнай салідарнасці.